Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

плянам рэволюцыянэраў. У вадказ на яго і пачалося польскае паўстаньне ў Варшаве.

Вынікла паўстаньне ў ноч з 17 на 18 лістапада (стар. стылю). Маладыя афіцэры й вучні ваенных школ на чале з галоўным агітатарам Высоцкім кінуліся на палац намесьніка—Бэльвэдэр. Ім удалося раззброіць варту палаца, а праз нейкі час захапіць арсэнал. Намесьнік - ледзьве выратаваўся ад сьмерці. Ён наагул выявіў поўную бязьдзейнасьць і даў загад рускай арміі, каторая была ў Варшаве, трымацца ў старане. Пры такіх умовах яму заставалася толькі ўцячы з ахопленай паўстаньнем сталіцы, што ён і зрабіў, выехаўшы сьпешна ў падгародную вёску Вержбу. Туды-ж пачалі зьбірацца часьці рускай арміі і тыя часьці польскай арміі, каторыя засталіся вернымі намесьніку і рускаму ураду. Горад, такім чынам, вельмі лёгка, амаль што бяз бою, дастаўся паўстанцам.

Праз дзень да намесьніка ад паўсталай Варшавы была адпраўлена дэлегацыя з польскіх арыстакратаў на чале з Любецкім. Яна паставіла пытаньне аб прызнаньні за Польшчай рэальных праў незалежнага гаспадарства, якім яна толькі лічылася, і аб далучэньні да Польшчы Літвы і Беларусі. Намесьнік адмовіўся даць той ці іншы адказ, скідаючыся на тое, што ён ня мае поўнамоцтва ў гэтых пытаньнях ад свайго брата Мікалая І. Дэлегацыя вярнулася зноў у Варшаву. Канстантын, адпусьціўшы ад сябе, што былі вернымі яму, польскія войскі, толькі з рускай арміяй, каторая сабралася пры ім, выгнаў зусім з тэрыторыі Польскага каралеўства. Гэта разьвязала рукі паўстанцам, і паўстаньне пачало разрастацца. У Варшаве быў утворан Часовы Урад Рэчы Паспалітай, па чале каторага стаў у якасьці дыктатара і галоўнакамандуючага збройнымі сіламі дзяржавы гэнэрал Хлапіцкі.

З самага пачатку стала выяўляцца, што паўстанцы ня маюць адзінай програмы і рэзка падзяляюцца на дзьве партыі. Адна партыя—белых—складалася з арыстакратаў. На чале гэтай партыі стаіць добра вядомы нам польскі патрыот, быўшы прыяцель Аляксандра І, Адам Чартарыскі. Магнацкая партыя лічыла, што паўстаньне ня трэба даводзіць да крайняга пункту, што трэба захаваць сувязь з Расійскай імпэрыяй і вясьці з ёю перагаворы, націскаючы адначасна на расійскую ўладу праз дыплёматыю чужаземных двароў. Польшча, на іх погляд, павінна застацца, як і дагэтуль, абмяжованай монаірхіяй. Ніякіх соцыяльных рэформ рабіць ня трэба. Сяляне, як і раней, павінны заставацца ў прыгонным стане. Другою групіроўкаю паўстанцаў была партыя чырвоных. На чале яе стаяў вядомы дэмократ свайго часу проф. Лелевэль. Складалася партыя з дробнабуржуазнай інтэлігэнцыі лібэральнага настрою. Партыя лічыла, што трэба канчаткова парваць сувязь з расійскай уладай і не вясьці ніякіх перагавораў з