Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ходзіў да 100.000. Пад камандаваньнем Дзібіча рускія войскі былі пакірованы на паўстанцаў. Паўстанцы, з свайго боку, пачалі гатавацца да абароны свае справы. Польская армія, лік каторай у пачатку даходзіў да 35.000, была павялічана так званымі касіньерамі. На чале арміі, замест Хлапіцкага, быў пастаўлен Радзівіл, чалавек хоць мала здольны для вайсковых спраў, але больш рашучы і сьмелы, чым Хлапіцкі. Ня гледзячы на павялічэньне, польская армія мела каля 60.000 салдат, каторыя маглі быць пастаўлены на поле бітвы.

Руская армія без вялікіх перашкод дашла амаль што не да самай Варшавы. У сярэдзіне лютага адна за другою адбыліся дзьве бітвы,—адна пры Ваўру, другая пад Грохавым. У абедзьвюх бітвах польскія войскі былі разьбіты і адступілі пад Варшаву. Тут яны занялі і ўзброілі Прагу. Руская армія застанавілася, бо ў яе ня было прылад для аблогі. У Варшаве пачалася паніка, бо ўсе чакалі, што Дзібіч будзе рабіць пераправу праз Віслу і наступ на Варшаву. Але руская армія гэтага не зрабіла і, такім спосабам, не скарыстала зручнага моманту. У Варшаве, паміж тым, паніка памалу пачала спыняцца. Замест Радзівіла, на чале польскай арміі быў пастаўлен больш здольны галоўнакамандуючы Скржынецкі, каторы ўсе свае сілы накіраваў на тое, каб падняць настрой арміі, які ўпаў пасьля ранейшых няўдачных бітваў. Ён выбраў тактыку зацягнуць кампанію і скарыстаць нявыгаднае распалажэньне рускай арміі.

Руская армія стала пад Варшаваю на зімоўку. У арміі зьявілася халера, каторая пачала разьвівацца вельмі хутка і касіла шмат людзей. Зразумела, што настрой арміі быў прыгнечаны. Паўстаньне з польскай тэрыторыі перакінулася на Літву й Беларусь. На чале паўстаньня тут стаіць падпольны Віленскі цэнтральны рэволюцыйны комітэт. Ён абвясьціў сябе падданым Варшаўскаму часоваму ураду, і паўстаньне ішло ў імя прылучэньня Літвы і Беларусі да Польшчы. Часовы ўрад прагнуўся ўсімі сіламі падтрымаць і пашырыць паўстаньне на Беларусі, каторае тут з самага пачатку пашло даволі слаба. На дапамогу паўстанцам сюды быў пакірован вясною атрад Гелгуда, каторы, пасьля злучэньня яго з атрадам Хлапоўскага і другімі мясцовымі групамі, дарос да 25.000. Пры дапамозе гэтай арміі паўстанцам пашанцавала заняць на нейкі час Вільню. Але яны тут утрымацца не маглі. Руская армія пад начальствам Сакена, даросшы да 27.000, разьбіла галоўныя паўстанчаскія сілы і заняла зноў Вільню.

Паўстаньне на Беларусі, як гаварылася раней, не захапіла шырокіх мас. Удзел у паўстаньні прыняло панства і дробныя шляхецкія і інтэлігэнцкія элемэнты. А на гэтых групах далёка ня выехаць, асабліва на Беларусі, што добра разумелі і лепшыя з паўстанцаў. «Нідзе ў даўнейшай Рэчы Паспалітай пытаньне ваеннае не залежала так ад пы-