Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аляксандрам І. На аснове статуту Віленская езуіцкая акадэмія, заложаная яшчэ ў 1570 годзе, абарачваецца ў унівэрсытэт. На ўтрыманьне унівэрсытэту і ўстаноў акругі быў назначан фундуш у 1.580.000 польскіх злотых, што давала моцны грунт для іх існаваньня. Унівэрсытэт складаецца з чатырох факультэтаў: фізыка-матэматычнага, мэдыцынскага, навук маральных і політычных і навук філёлёгічных і мастацтва. Першымі організатарамі і рэктарамі унівэрсытэту былі Страйноўскі і Сьнядэцкі. Яны трацілі шмат энэргіі, каб прыцягнуць на унівэрсытэцкія катэдры лепшыя сілы з заграніцы. Унівэрсытэт атрымлівае права раздаваць вучоныя ступені і пасылаць за межы імпэрыі выдатнейшых прафэсараў і студэнтаў. Ён мае пад сваім кіраўніцтвам усе школы акругі; унівэрсытэцкая рада праз кожныя чатыры гады адбірае дырэктароў і загадчыкаў вучылішч і падае кандыдатаў на зацьвярджэньне куратара акругі. Адным словам, унівэрсытэт нясе як вучэбна-навуковыя, так і адміністрацыйныя абавязкі. У гэтых адносінах ён пабудован паводле прынцыпаў польскай Адукацыйнай Комісіі, згодна з каторымі ў ранейшыя часы ўсе школы ў Кароне былі пад кіраўніцтвам Кракаўскай акадэміі, а школы на Літве і Беларусі—пад кіраўніцтвам Віленскай акадэміі.

Пасьля прыёму унівэрсытэтам школ акругі, вызначылася, што ўсяго пад яго даглядам маецца зарэгістрованых яшчэ раней 70 школ. Большасьць школ (45) утрымлівалася на кошты каталіцкага духавенства. Некалькі школ жылі на сродкі вуніятаў-базыліян. Унівэрсытэт, атрымаўшы школы, пачаў барацьбу з тым езуіцкім настроем, каторы прышчапляла ім сотні год Віленская акадэмія. З вучэбных гадзін у школах было выкасавала выкладаньне навукі аб рэлігіі. Рэлігія выкладалася толькі ў нядзелю перад набажэнствам на працягу паўгадзіны, дзеля гэтага колькасьць веды па рэлігіі была значна зьменшана. Было дадзена месца выкладаньню моралі, аснованай не на бібліі, а на прыродзе чалавека. Была зьвернута вялікая увага на фізычнае выхаваньне моладзі. Фізычныя практыкаваньні былі прызнаны абавязковымі для ўсіх вучняў. Асабліва рэкамэндаваліся практыкаваньні ваенныя, каторыя мелі на увазе шляхецкі склад вучняў школ. Школы былі разьдзелены на шасьціклясовыя й трохклясовыя, тым ня менш курс навучаньня ўва ўсіх школах быў шасьцігадовы. Шэсьціклясовая школа мела 6 настаўнікаў і рабіла прыём кожны год; трохклясовая—мела 3 настаўнікаў і рабіла прыём праз год. Шасьціклясовыя школы былі ў губэрскіх гарадох, трохклясовыя—у павятовых. У програму школ было ўведзена выкладаньне рускай мовы. Некалькі шасьцігадовых школ было адчынена новых. Народных школ, каторыя-б абслужвалі сялянства й рабочы люд, зусім ня было. Было некалькі й жаноцкіх школ, выключна пры манастырох. Ува ўсіх амаль школах выкладовая мова была поль-