Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

у Польшчы быў правадніком ідэй рэволюцыі. У 70-ыя годы Калантай прымае чынны удзел у працы Адукацыйнай Комісіі. З 90-ых гадоў ён робіцца правадыром соймавых «патрыотаў»—лібэралаў і зьяўляецца праўдзівым тварцом канстытуцыі 1791 году. Потым ён прымае удзел у вапошняй барацьбе Польшчы за незалежнасьць. Пасьля ліквідацыі паўстаньня Калантай уцёк у Аўстрыю, дзе яго заарыштавалі і пасадзілі ў турму. Вызвалены з турмы па просьбе рускага ураду, ён прыехаў на Валынь і быў ідэёвым памочнікам Чартарыскага. Фактычным памочнікам Чартарыскага быў Т. Чацкі, польскі вучоны і грамадзянскі дзеяч. Асноўнай яго думкай было дапасаваньне школы да рэальных патрэб жыцьця. У такім кірунку ён, разам з Калантаем, напісаў вучылішчны статут для Віленскае акругі.

Ніжні замак у Вільні ў канцы XVIII в.

Дзякуючы пэдагогічнай працы гэтых дзеячоў, ідзе выхаваньне моладзі на Беларусі ў польскім патрыотычным кірунку. Польскія патрыоты ўскладаюць вялікія надзеі на Віленскую вучэбную акругу. Вельмі цікава прывясьці тут вынятак з ліста польскага дзеяча Францішка Дмахоўскага да г. Калантая: «Пад рускаю уладаю нам (паляком) адкрываюцца добрыя для нас умовы. Разам з тым арганізацыя ў выбары здольных палякоў на месцы настаўнікаў зробіць тое, на што толькі можна спадзявацца ў даным выпадку». І ў самай рэчы, трэба прызнаць, што польскія культурнікі момант скарысталі.

У 1802 годзе Чартарыскі атрымаў ад рускага ураду даручэньне напісаць статут для Віленскага унівэрсытэту і іншых школ акругі. Да вясны 1803 году статут ужо гатовы, і 18 траўня зацьвярджаецца