Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ская, толькі ў асобных школах ува ўсходніх губэрнях Беларусі можна было спаткаць школы з выкладоваю рускаю моваю. Само сабою зразумела, што пры такіх умовах адбывалася аканчальная полёнізацыя тагочаснай беларускай інтэлігенцыі, якая складалася з шляхты. Гаварыць аб полёнізацыі беларускага сялянства ня прыходзіцца затым, што польская школа была недаступнаю для панскага «быдла», у юрыдычным стане якога быў селянін.

Віленскі унівэрсытэт робіцца культурным і організацыйным центрам тагачаснай беларускай полёнізаванай інтэлігенцыі, каторая, як мы казалі, найчасьцей складаецца з сярэдняй і дробнай шляхты і часам з мяшчанскіх элемэнтаў. Пры унівэрсытэце ўтвараюцца польскія патрыотычныя арганізацыі моладзі, у каторых усё-ж такі трэба адзначыць прысутнасьць мясцовага беларускага колёрыту.

Марцін Пачобут, рэктар Віленскага унівэрсытэту (1728—1810 г.)

Найраней утвараецца гурток «Шубраўцаў», што існаваў напоўлегальна. Ён легалізуецца унівэрсытэтам толькі ў 1817 годзе. Гурток выдае часопісь пад назваю «Брукавыя Ведамасьці». Як відаць з статуту, гурток ставіць сваёю мэтаю пашырэньне сярод моладзі замілаваньня да асьветы, цьвярозага жыцьця, разьвіцьця працаздольнасьці і другія моральныя заданьні. Шлях, каторым «Шубраўцы» ідуць да сваёй мэты,—гэта сатыра, каторая павінна рабіць свой уплыў на моладзь і грамадзянства праз друк «Брукавых Ведамасьцяй». Шубраўцы напамінаюць нам адзін рускі тагачасны гурток «Арзамасцаў», розьнячыся ад яго сваёй лепшай організацыяй і больш сталымі мэтамі. Гурток «Шубраўцаў» мае сваю пячатку: вянок з дубовых лісьцяў, у сярэдзіне каторага былі скрыжаваны лапата й мятла. Пячатка, такім спосабам, была эмблемаю працы гуртка, каторы вычышчаў і вымятаў з жыцьця ўсякае сьмецьце. «Брукавыя Ведамасьці» выходзілі раз на тыдзень у суботу. За пяць год (1817—1822) існаваньня іх вышла 287 нумароў, што складае каля 150 друкаваных аркушаў. Артыкулы ведамасьцяй пісаліся як «Шубраўцамі», так і членамі другіх студэнцкіх гурткоў, што існавалі пры унівэрсытэце. «Шубраўцы», апроч пісаных мэт, бя-