Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яе не здавальняе фіктыўная незалежнасьць. Некаторыя з радных высоўваюць думку зьвярнуцца да Вільгэльма асабіста з просьбаю аб прызнаньні незалежнай Беларускай Рэспублікі. Магчыма, што да такога політычнага акту іх хілілі літоўскія падзеі. 23-га красавіка кайзэр асобным рэскрыптам прызнаў незалежнасьць Літоўскай Рэспублікі. 25-га красавіка Рада большасьцю галасоў ухваляе паслаць тэлеграму Вільгельму. У сваёй тэлеграме Рада дзякуе кайзэра за «вызваленьне» Беларусі і просіць яго «ўмацаваць дзяржаўную незалежнасьць і недзялімасьць краю ў зьвязку з Гэрманскай імпэрыяй». Тэлеграма сьведчыць аб поўным адрыве Рады ад беларускіх працоўных мас, стагнаўшых пад цяжарам нямецкай окупацыі.

Зусім іначай пашоў беларускі рух на ўсходзе, у межах улады Саветаў. Ён сконцэнтраваўся ў Пецярбурзе каля Беларускай соцыял-дэмократычнай організацыі і левага крыла Беларускай Соцыялістычнай Грамады. Тут вынікае думка аб утварэньні Незалежнай Рабоча-Сялянскай Савецкай Беларусі, якая павінна ўвайсьці ў агульна - Расійскую Савецкую Фэдэрацыю. Замест адзінага нацыянальнага фронту, тут ставіцца адзіны клясавы, рэволюцыйны фронт. У пачатку лютага 1918 году пры Наркамнацы організуецца Беларускі Нацыянальны Камісарыят, дзе працуюць беларусы-комуністыя і лева-грамадаўцы. У сакавіку Бел. Нац. Кам. пераносіць сваю працу ў Маскву і пашырае яе сярод шырокіх бежанскіх мас: склікаюцца зьезды, высылаюцца эмісары, пашыраецца літаратура ў беларускай мове і г. д. У Магілёўшчыне, Віцебшчыне і Смаленшчыне працуе Абліскомзап. К восені 1918 году тут устанаўліваецца пэўны пагляд на важнасьць правільнай пастаноўкі нацыянальнага беларускага пытаньня.

Тымчасам соцыяльная рэволюцыя пераносіцца ў Гэрманію. Падае Вільгельм, кайзэраўская армія раскідаецца і паступова пакідае Беларусь. Чырвоная армія без вялікіх перашкод вызваляе тэрыторыю акупаванага немцамі краю. 12-га сьнежня вызваляецца сталіца Беларусі Менск. У сярэдзіне сьнежня ў Маскве зьбіраецца конфэрэнцыя беларускіх сэкцый РКП. Яе адозва, пакірованая да рабоча-сялянскіх мас Беларусі, кліча іх ісьці ня з Радаю, а з бальшавікамі. Конфэрэнцыя прызнае канечную патрэбу стварыць вольную рабоча-сялянскую савецкую Беларусь у сьціслай фэдэрацыі з Савецкай Расіяй. Крыху пазьней, 26-га сьнежня 1918 году, у Смаленску сабралася VI Паўночна-Заходняя Абласная Конфэрэнцыя РКП. І тут таксама стала пытаньне аб Беларусі. Выявілася, што нацыянальнае беларускае пытаньне павінна быць разьвязана. Выходзячы з гэтае прадпасылкі і маючы на мэце далейшы пасьпех у барацьбе за Савецкую ўладу на Беларусі, Конфэрэнцыя абвясьціла, што яна стаіць за ўтварэньне незалежнай