Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

места паміж рэволюцыяй і контр-рэволюцыяй, стаўшы на плятформу адзінага нацыянальнага фронту.

Пры такім настроі Конгрэс павінен быў быць прызнан мясцовай Савецкай уладай варожым для яе, бо ён ня прызнаў уладу абранага зьездам Саветаў Абласнога Выканаўчага Комітэту Зах. вобласьці і фронту. У ноч на 18 сьнежня ён быў сілаю распушчан камісарамі Абліскомзапу. Нацыянальны рух адарваўся ад агульнага рэволюцыйнага руху. Сацыяльная рэволюцыя губіць, з свайго боку, уплыў на тыя масы рабочых і сялян, якія стаялі за плячыма беларускіх нацыянальных організацый.

Распушчаны конгрэс пасьпеў абраць Раду Конгрэсу. Рада зышла ў падпольле і абвясьціла сябе сувэрэннай уладай беларускага народу. Усе другія беларускія організацыі былі ёю распушчаны, каб аб’яднаць беларускі рух у сваіх руках. Настрой на Беларусі быў напружаны. Няўдачна йшлі мірныя перагаворы ў Бярэсьці. Руская армія разыходзілася, астаўляючы граніцы Беларусі безабароннымі перад нямецкім імпэрыялізмам. Урэшце перагаворы прыпыніліся, і кайзэраўская армія пашла ў наступленьне. 19-га лютага 1918 г. Савецкая улада пакінула Менск. Рада Конгрэсу забрала ўладу ў свае рукі. Яна напоўніла сябе прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцей і выдзеліла з свайго складу выканаўчую ўладу, Народны Сакратарыят (1 Грамата Рады 21-ІІ 1918 г.). Дзейнасьць новага ураду пачала разьвівацца з вялікай быстрынёй, але была прыпынена прыходам немцаў (25-11). Немцы захапілі ўсю уладу ў свае рукі, але спачатку яны не перашкаджалі формальнаму існаваньню ўлады Рады.

Рада ўцягнула ў свой склад прадстаўнікоў земстваў і гарадоў і Ўстаўнай Граматай (9-ІІІ) абвясьціла Беларусь Народнай Рэспублікай, у каторай заканадаўчую ўладу мела Рада, а выканаўчую—Народны Сакратарыят. Сувязь з Савецкай Расіяй фактычна парвана, але юрыдычна гэты акт яшчэ не абформлен. Юрыдычна парвала сувязь з Расіяй Віленская Беларуская Рада, якая яшчэ 18-га лютага абвясьціла аб гэтым у сваёй пастанове. Афармленьне незалежнасьці Беларускай Дзяржавы Радаю Конгрэсу адбылося ў ноч на 25-ІІІ 1918 г. (ІІІ-я Устаўная Грамата). Рада абвяшчае, што «ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай». Пасьля акту аб незалежнасьці прадстаўнікі земстваў і гарадоў вышлі з Рады, бо Рада парушыла прынцып «адзінай, недзялімай» Расіі. Ясна, што пад Расіяй яны разумелі не савецкую, а кадэцка-эсэраўскую Расію. Іх месцы былі аддадзены Беларускаму Прадстаўніцтву гор. Менску, якое складалася з менскіх домаўласьнікаў, чынавенства, духавенства, панства і г. д. Рада значна правее.