Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Расійскай Фэдэрацыі. 5) Поўныя політычныя і экономічныя правы для ўсіх нацый, што жывуць на Беларускай зямлі“. Гэты проэкт програмы быў зацьверджан зьездам Грамады 14—25 кастрычніка ў Менску, як програма. Былі зроблены нязначныя рэдакцыйныя папраўкі.

Між тым урад Керанскага падгатаўляе чэрвенскае наступленьне на немцаў. 18 чэрвеня яно абвешчана. У Менску адбылася ў гэты дзень вулічная дэмонстрацыя. Побач з штандарамі згодніцкіх партый, што падтрымлівалі наступленьне, зьявіліся штандары, на якіх былі напісаны бальшавіцкія лёзунгі, якія патрабавалі ўстанаўленьня ўлады Саветаў, замірэньня з немцамі, рабочага контролю, безадкладнай перадачы зямлі сялянству і г. д. Вакол штандараў шмат дзе адбываліся бойкі паміж прыхільнікамі Часовага Ураду і прыхільнікамі бальшавікоў. Бальшавіцкія лёзунгі ў канцы канцоў усё-ж такі былі зьнішчаны. Контр-рэволюцыя ня дрэмле. Хутка пачынаюць формавацца ўдарныя часьці, каторыя, разам з жаноцкімі батальёнамі і рознымі чорнасотніцкімі організацыямі (саюз афіцэраў, саюз георгіеўскіх кавалераў і інш.), утвараюць трывожны настрой на Беларусі. На яе тэрыторыі, у Магілёве, хутка адбываецца карнілаўшчына, каторая політычна зусім дыскрэдытуе ўладу Керанскага. Бальшавіцкія організацыі вядуць упартую барацьбу як проціў карнілаўшчыны, так і проціў усёй контр-рэволюцыі. Згодніцкія фронтавыя комітэты і камандны склад робяць масавыя арышты салдат за іх бальшавіцкі настрой, навядзеньне і агітацыю. Арыштаваных шлюць у турмы, напр., у Менск, каторы лічыць іх тысячамі. Хутка ў Менску эмітаваная бальшавікамі варта адмаўляецца іх сьцерагчы, і арыштаваныя, разам з сваімі вартаўнікамі, вольна ходзяць па горадзе і прымаюць удзел у бальшавіцкай агітацыі і пропагандзе. Паводле пропозыцый Горсавету яны організуюцца ў асобны полк. Цяпер палажэньне Горсавету значна паляпшаецца. У яго руках маецца збройная сіла, каторую заўсёды можна пакіраваць на сваю абарону.

Што да Беларускага Нацыянальнага Комітэту, то ён ня мае амаль што ніякага ўплыву на гэтыя падзеі. Беларускія соцыялістыя прымаюць меры, каб палажыць канец яго існаваньню і ўтварыць, замест яго, новую організацыю, больш адпавядаючую бягучаму моманту. Яны лічаць, што трэба адсунуць ад беларускага руху буржуазныя элемэнты, каторыя не адпавядаюць паглыбленьню рэволюцыі і кладуць пляму на ўвесь беларускі рух. Згодна запатрабаваньню Бел. Соц. Грамады, Нацыянальны Комітэт склікае другі зьезд прадстаўнікоў партый і організацый, катары адбываецца 8—12 ліпеня 1917 году. На зьезьдзе выніклі бурныя опрэчкі паміж Бел. Соц. Грамадою і буржуазнаю часткаю Нацыянальнага Комітэту, аб’яднанаю наўкол утворанай перад зьездам Беларускай Партыі Народных Сацыялістых. Зьезд