Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

амаль што не сарваўся. Пасьля некаторых компромісаў з боку Бел. Соц. Грамады, зьезд выбірае, замест Нацыянальнага Комітэту, Цэнтральную Раду Беларускіх Організацый і Партый.

Першая сэсія Цэнтральнае Рады, якая адбылася 5-6 жніўня ў Менску, у прысутнасьці дэлегатаў ад 23 беларускіх арганізацый, апрацавала Статут Рады. Прыводзім тут важнейшыя пункты з Статуту. «Адпавядальным кіраўніком і прадстаўніком усяе беларускае справы ёсьць Цэнтральная Рада Беларускіх Організацый. Рада будуецца на прынцыпах: політычным—поўнага дэмократызму і сацыяльным—перадача ўсёй зямлі бяз выкупу працоўнаму народу і абарона інтарэсаў рабочых. Рада складаецца з дэпутатаў, якіх пасылаюць усе беларускія організацыі, гэтак сама гарады, воласьці, мястэчкі, бежанскія арганізацыі і ваенныя часьці, калі прызнаюць патрэбу аўтономіі Беларусі, роднай мовы і разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры». Такім спосабам, Цэнтральная Рада моцна розьніцца ад Нацыянальнага Комітэту сьцісла абмяжованымі прынцыпамі. Круг яе чыннасьці значна пашыраецца. Яна завязвае зносіны з вялікім лікам бежанскіх арганізацый і вайсковых часьцей. Для лепшай сувязі з апошнімі на той-жа самай першай сэсіі Рада прымае «Статут Беларускіх Нацыянальных культурна-прасьветных гурткоў у войску». На аснове Статуту, у кожнай часьці вайсковыя беларусы яднаюцца ў «Грамаду» і кіруюцца ў політычнай і нацыянальнай справе пастановамі Беларускай Цэнтральнай Рады. Вайсковыя беларусы павінны стаяць проціў усякіх цэнтралістычных кірункаў з таго ці іншага боку і дбаць аб абароне інтарэсаў рэволюцыі. «Калі інтарэсам рэволюцыі і новага рэспубліканскага ладу будзе пагражаць якая небясьпека з боку контр-рэволюцыянэраў і прыслужнікаў старога самадзяржаўнага рэжыму, то беларускія гурткі і праз іх беларускія вайсковыя грамады павінны разам са ўсімі дэмакратычнымі організацыямі і прыхільнікамі рэволюцыі змагацца ўсімі спосабамі з такімі контр-рэволюцыйнымі захадамі» (§ 5 Статуту). «Жадныя стараньні ў справе організацыі асобных беларускіх палкоў ня могуть мець месца, пакуль аб гэтым не паведаміць Цэнтральная Рада Беларускіх Організацый» (§ 10 Статуту). Як відаць з Статуту, Цэнтральная Рада добра адчувае патрэбы моманту. Яна, падобна партыі бальшавікоў, зварачае вялікую ўвагу на замацаваньне свайго ўплыву сярод збройных сіл, каторыя былі-бы для яе апораю ў будучай барацьбе. Вельмі хутка яна бярэ пад свой уплыў цэлы рад беларускіх вайсковых організацый, каторыя да гэтага часу выніклі ў розных мясцох на паўднёвым, заходнім і паўночным франтох, у Балтыцкім флоце, Гэльсінгфорсе і г. д. Скора ўсе беларускія вайсковыя організацыі злучаюцца ў адну Цэнтр. Беларускую Вайсковую Раду, каторая трымае сьціслую сувязь з Цэнтр. Радай Беларускіх Організацый і Партый.