Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

імпэрыі, а не як часткі Беларусі. Калі з цэнтру на захад перакінулася рэволюцыя, то яна пашла на Беларусі ў двух кірунках—фронтавым і мясцовым, бо грунт для яе і там і тут быў добры. Вельмі часта гэтыя два кірункі перапляталіся паміж сабою, але часта яны і разыходзіліся, кожны ў свой бок.

Першыя весткі аб перавароце ў цэнтры і аб утварэньні ў Пецярбурзе часовага ураду прышлі ў Менск першага сакавіка 1917 году. У гэты час на Беларусі пэўнага соцыялістычнага цэнтру няма. Царская рэакцыя папярэдняга часу моцна біла па сацыялістычным руху і значна падарвала яго; нацыянальная розьніца разьбіла рух на часткі, а імпэрыялістычная вайна дакончыла справу і раскідала на ўсе бакі мясцовыя соцыялістычныя сілы і сродкі. Справу ўзялі ў свае рукі інтэлігэнцкія групы лібэральнага і радыкальнага кірунку, сабраныя сюды фронтам з разных канцоў імпэрыі і згуртаваныя наўкол саюзу земстваў і гарадоў (Земгор). Яны ліквідавалі старую ўладу. Праз некалькі дзён (5 сакавіка) утвараецца Менскі Савет Рабочых Дэпутатаў, у каторы праз тры дні ўваходзяць ужо і салдацкія дэпутаты. Хутка пачынаюць зьбірацца і брацца за справу сацыялістычныя сілы. З сацыялістычных партый найбольшую сілу забіраюць агульна-расійскія партыі С-Д і С-Р, што залежыць ад прысутнасьці на Беларусі заходняга фронту арміі. Першымі пачынаюць аформліваць сваю арганізацыю соцыял-дэмократы. 11 сакавіка адбываецца першы мнагалюдны (да 200 асоб) сход С-Д арганізацыйнага характару. На сходзе выяўляецца, што пераважную большасьць С-Д складаюць меншавікі. Што датычыць да бальшавікоў, то яны, разам з спачувальнымі ім, налічваюць ледзьве 13 асоб. Утвараецца аб'яднаная організацыя РС-ДРП, і бальшавікі павінны ўвайсьці ў яе склад. Усю сваю увагу яны зварачаюць на агітацыйную працу ў арміі і на організацыйную працу ў Менскім Гарадзкім Савеце. У вёску бальшавікі яшчэ не прабраліся. Сярод сялянства пачынае мець уплыў толькі што абуджаная організацыя С-Р. Сялянства, праўда, праз салдат арміі, ужо даведалася аб бальшавікох і пачынае з увагаю прыслухоўвацца да іх зусім простых і зразумелых сялянскаму сэрцу лёзунгаў. На першым сваім зьезьдзе, у красавіку, старшынёю Савету Сялянскіх Дэпутатаў яны даволі аднадушна абіраюць М. А. Міхайлава-Фрунзэ.

Пачала адраджацца і Беларуская Соцыялістычная Грамада. Зноў у розных мясцох Беларусі і Расіі (бежанцы) вынікаюць яе організацыі. Такія організацыі мы ведаем—у Менску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Маскве, Пецярбурзе, Саратаве і іншых мясцох. Ідуць мітынгі (Масква, Пецярбург) і дэмонстрацыі (Пецярбург, Менск). 25 сакавіка ў Менску адбыўся зьезд Беларускай Соцыялістычнай Грамады, на каторым былі абгавораны адносіны да бягучага моманту, да рускіх і на