Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

знаньню мы працярэбім сабе сьлед! І будзе ўнукаў пакаваньне там, дзе сягоньня плача дзед» (Я. Купала. «Ворагам беларушчыны»).

Часам у поэзіі нашаніўцаў зычаць мотывы соцыяльнай барацьбы. Песьняры клічуць беднату ў рашучую соцыяльную бітву. Яснай зоркай ляціць пясьняр па небе, падае па-над дахам роднай вёскі ды кліча: «Гэй, хто ёсьць тут? Люд галодны, люд пакутны! Да мяне! Станьма, брацьця, ў шых паходны,—наша гора праміне». На прызыў песьняра падымаецца бедната і пойдзе ў астатні рашучы бой. «Устануць, рушаць. Прэч з дарогі! Хто нам хоча заступіць! Мы пашлі, мы,— люд убогі, усё ўзяць, ці ўсё згубіць» (А. Гарун. «Эх, сягоньня, ў гэту ночку»).

Прачуваюць часам адраджэнцы і размах будучае рэволюцыі. Гэта будзе глыбокая і шырокая рэволюцыя, каторая ўскалыхне да нізу працоўныя масы Беларусі і ўсяго сьвету. Шмат пральлецца крыві, бо, разам з рэволюцыяй, прыдзе і помста за векавечную сацыяльную крыўду. «На сьвет прыдзе многа бяды, бо за крыўду сваю адамсьціць. Сьвіньням будзе крыві не пабраць! Адамсьціць, аж зямля задрыжыць, аж віхры зашумяць, загудзяце» (Я- Купала. «Пажалей мужыка»).

Зашумелі віхры, загудзелі. Прышла на сьвет вялікая соцыяльная рэволюцыя. Частка беларускіх адраджэнцаў адразу пазнала яе і кінулася ў яе рэчышча на барацьбу за вызваленьне сацыяльнае і нацыянальнае ўсяго сьвету, а разам з тым і Беларусі. Другая частка, ня бачачы за клясава-інтэрнацыянальным яе зьместам зьместу нацыянальнага, яшчэ прыглядалася да яе на працягу некалькіх год. Цяпер і яна ўвашла ў яе рэчышча. Беларускі адраджэнчаскі рух зрабіўся аднэй з складаных частак сучаснага вялікага руху соцыяльнай рэволюцыі, каторая вызваляе пролетараў і сялян з аднаго боку і прыгнечаныя народы—з другога боку; каторая, змагаючыся наогул з капіталізмам, змагаецца разам з тым і з вышэйшаю яго формаю—імпэрыялізмам.

Лютаўская рэволюцыя.

У часы Лютаўскай рэволюцыі Беларусь была парэзана на дзьве часткі: заходняя частка, як мы казалі вышэй, была пад нямецкай акупацыяй, а ўсходняя была занята заходнім фронтам царскай рускай арміі. Рэволюцыя захапіла толькі Ўсходнюю Беларусь. Зразумела, што арміія жыла сваім жыцьцём ваеннага часу. У яе былі свае агульна-імпэрскія інтарэсы і складалася яна з салдат, сабраных сюды з усёй многанацыянальнай Расіі. Для ўсёй гэтай організаванай масы Беларусь была ня больш, як часоваю ваеннаю стаянкаю. Армія не магла зразумець і ўвайсьці ў мясцовыя інтарэсы Беларусі, тым больш, што маса яе ня ведала, нават, што яна займае тэрыторыю Беларусі, як організму. Салдат ведаў Менскую, Магілёўскую, Віцебскую губэрні, як часткі