Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

была хутчэй народніцкая, чым марксісцкая. У ППС куды больш, чым у Бунда, адчуваецца недавер'е да рускай рэволюцыі і да рускай рабочай клясы. Дробна-буржуазны нацыяналізм гэтых партый у пачатку 1900 гадоў расьце пад уплывам нацыянальнага ўціску, каторы пануе на Беларусі.

Побач з нацыянал-соцыялізмам яўрэйскім і польскім, толькі крыху пазьней ад іх, зараджаецца на Беларусі пры дапамозе сяброў Польскай Соцыялістычнай Партыі і беларускі нацыянал-соцыялізм. Алесь Бурбіс, сучасьнік і ўдзельнік тагочаснага соцыялістычнага руху, так апісвае гэтае зьявішча: «Узімку 1902 году частка моладзі соцыялістычнага кірунку разам з беларусамі (выхаванымі ў польскай культуры), працаваўшымі ў організацыях ППС на Беларусі, засноўваюць «Беларускую Рэволюцыйную Партыю». Радзілася яна ў Менску, дзе працавалі студэнты Пецярбурскага унівэрсытэту—Антон Луцкевіч (Антон Навіна), Іван Луцкевіч, Казюк Кастравіцкі (Каганец), работнік Віктар Зелязей і інш. Адначасна ўтвараюць організацыю гэтай партыі і ў Вільні—студэнт-тэхнолёг Пранцьюк Умястоўскі (Дзядзька Пранук), гімназісты Аляксандар Бурбіс (Піліп) і інш., а тамсама ў Пецярбурзе—студэнт-тэхнолёг Вацлаў Іваноўскі (Вацюк Тройца), курсыстка Алёіза Пашкевіч (Цётка). Спачатку гэта партыя апрацованай програмы ня мела. Яна распаўсюджвала надрукаваныя заграніцай творы Ф. Багушэвіча, выразна адзначаючыя соцыяльную несправядлівасьць і клічучыя беларускія народныя масы да практычна-рэволюцыннай працы. Яна друкуе ў Лёндоне кніжку яго твораў на патроенай паперы пад назвай «Песьні» з надпісам на вокладцы: «С разрешения Синодальной типографии». Першая проклямацыя гэтай партыі была надрукована на гэктографе ў 1902 годзе і прызначалася для пашырэньня сярод беларусаў-каталікоў Віленшчыны; напісана яна была папольску Лявонам Малецкім у Вільні і пачыналася словамі: «Widzieliscie zapewna biedna chlopska wynedzniala szkape». Яна была надрукована і ў лютаўскім нумары загранічнага «Пшэдсьвіту». У тым-жа 1902 годзе партыя зьмяніла сваю назву на «Беларускую Рэволюцыйную Грамаду». З найбольш энэргічных працаўнікоў БРГ магчыма адзначыць, апрача вышэйназваных,—Фэлікса Стэцкевіча (Аганёк), студэнта Пецярбурскага унівэрсытэту, родам з Шчучына Віленскай губэрні, Лідзкага павету, студэнта Матусевіча, студэнта Рыскага політэхнікуму А. Ўласава. У 1903 годзе адбыўся першы зьезд партыі, які прыняў агулам програму ППС; ён пастанавіў дабівацца краёвай аўтаноміі Беларусі з соймам у Вільні й культурна-нацыянальнай аўтаноміяй для нацыянальных меншасьцяй на Беларусі і наказаў распрацаваць зямельную програму на аснове конфіскацыі бяз выкупу маёнткаў паноў, казённых земляў і інш. На гэтым зьезьдзе БРГ пастанаўляе