Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

называцца «Беларускай Соцыялістычнай Грамадой» (Вестник Наркомпроса Белоруссии. 1921 год, Х, № 1, стр. 6-7).

Так зьявілася першая соцыялістычная партыя на Беларусі, стаўшая на мясцовы беларускі нацыянальны грунт і паставіўшая сабе за мэту разьвязаць беларускае нацыянальнае пытаньне. Царызм завастрыў нацыянальныя ўзаемаадносіны на Беларусі. Ён паставіў у палажэньне інародцаў яўрэяў, палякоў і беларусаў-каталікоў, а беларусаў-праваслаўных сілком падганяў у лік вялікарусаў. Гэта прывяло на Беларусі да ўтварэньня нацыянал-соцыялістычных партый, як Бунд, ППС і Бел. Соц. Грамада. Бунд прагнуўся абхапіць колы гарадзкога і местачковага працоўнага яўрэйскага жыхарства. Што датычыць да БСГ, то яна пакіравалася на беларускую вёску. Тут яна пачала гуртаваць наўкола сябе вясковую працоўную інтэлігэнцыю, вяскова-гаспадарскіх рабочых і сялян.

У 1904 годзе на Беларусі ўтвараецца яшчэ адна нацыянал-соцыялістычная партыя пад назваю «Соцыялістычная Партыя Белай Русі». Партыя знаходзілася таксама, як і БСГ, пад уплывам Польскай Соцыялістычнай Партыі. Сваю працу партыя пашырыла ў Гарадзеншчыне і заходняй частцы Меншчыны. На чале партыі стаялі ўраджэнцы Горадзеншчыны, варшаўскія студэнты браты Трускоўскія, М. Фальскі, студэнт-аграном родам з Меншчыны А. Жаба і інш. Ня гледзячы на тое, што СПБР і БСГ абедзьве былі пад уплывам ППС, тым ня менш паміж імі былі нейкія прынцыповыя нязгоды, і яны працавалі кожная асобна. Устанавіць пункты супярэчнасьцяй паміж СПБР і БСГ мы ня маем магчымасьці, бо ня ведаем програмы СПБР. Нам толькі вядома, што ў восень 1904 году з боку БСГ былі зроблены спробы згаварыцца з прадстаўнікамі СПБР наконт аб'яднаньня працы, для якое мэты вяліся перагаворы раней у Варшаве, потым у Горадні і Менску. Гэтыя перагаворы ні да чаго не прывялі, і СПБР увесь час працавала асобна ад БСГ. Партыя існавала нядоўга. З 1906 году вестак аб ёй мы ўжо ня маем.

Такім спосабам, як мы бачым з ранейшага, рэволюцыйныя сілы на Беларусі ў пачатку XX ст. ужо былі добра організованы. Беларусь магла ўступіць у рэволюцыйную озрацьбу разам з усёй Расіяй.

Па ўсёй імпэрыі адчуваецца, што стары царска-самаўладны лад перашкаджае экономічнаму разьвіцьцю дзяржаўнага організму. Не гаворачы ўжо пра сялянства і значна вырасшы пролетарыят, самаўладзтва сваёю апекаю душыла і прамыслова-гандловую сярэднюю буржуазію. Самаўладзтвам былі нездаволены ўсе соцыяльныя групы грамадзянства, апроч невялікай кучкі фэўдальна-дваранскай арыстократыі і буйнай буржуазіі, меўшай скарбовыя заказы і концэсіі. Насьпявала