Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў маёнтак Асмалоўскага Блонь, пад Менскам), кровельшчык Гатоўскі і інш. У 1898 годзе Гершуні ўтварыў у Менску майстэрню варштатаў для падпольных друкарань, бюро фальшывых пашпартоў і разам з Бонч-Асмалоўскім організаваў пераправу праз граніцу як людзей, так і нелегальнай літаратуры. Попыт на ўсё гэта ў рэволюцыйных колах быў вялікі, і на Беларусь, у Менск, зьяўляліся прадстаўнікі падпольных організацый за варштатамі.

У 1900 годзе «Рабочая Партыя» мела ў Менску, на Серабранцы, добра абсталяваную ўласную друкарню. Тут, паміж іншым, была надрукована брошура пад назваю «Свабода», напісаная Л. М. Радзівонавай-Клячка. Зьмест брошуры меў праграмны характар. Брашура вызначае, што заданьне РППВР—дабіцца сацыялістычнага ладу. Тэрор, як сродак барацьбы з урадам, прызнаецца. Усе існуючыя ў Расіі рэволюцыйныя і опозыцыйныя групы павінны зыйсьціся ў прызнаньні бязумоўнай неабходнасьці політычнай свабоды. Прапануецца такі плян організацыі: складаецца фэдэрацыя аўтаномных мясцовых груп, каторыя аб’яднаны агульнай програмай і тактычнымі прыёмамі. Кожная група мае свой цэнтр, складзены з абраных сяброў. Мясцовы цэнтр, не адыходзячы ад агульнай програмы, мае права прыстасоўваць організацыю да мясцовых абставін. Дэлегаты аўтономных груп складаюць вышэйшы орган, Раду партыі (С. Слетов. К истории возникновения Партии С-Р. СПБ. 1917 г., стр. 98). Заканчваецца брошура так: «На соцыял-дэмократаў мы глядзімо, як на братоў: мэта адна, але шляхі розныя. Ідэя соцыял-дэмократыі атрымае права грамадзянства ў Расіі не раней, як пры існаваньні політычнай волі, а покі што мы будзем рабіць сваё, а соцыял-дэмократы хай робяць сваё... Наша партыя для Расіі—партыя цяперашняга часу. Партыя соцыял-дэмократыі—партыя наступнага за намі пэрыоду. У гэтым уся розьніца» (Зборнік «Беларусь». Зіміенка. Сацыялістычны рух на Беларусі. Менск. 1924 г., стр. 158). Пасьля аб’яднаньня РППВР з Партыяй С-Р у 1904 годзе была ўтворана «Паўночна-заходняя Організацыя Партыі С-Р», якая складалася з Віленскага, Менскага, Беластоцкага, Віцебскага, Гомельскага і др. комітэтаў.

З пачатку 90-х гадоў на Беларусі зьяўляюцца і польскія сацыялістычныя організацыі: Соцыял-Дэмократычная Партыя Польшчы і Літвы і Польская Соцыялістычная Партыя (ППС). Першая партыя стаяла на чыстым клясавым грунце і зьяўлялася строга вытрыманай марксісцкай арганізацыяй. На чале партыі стаялі такія выдатныя рэволюцыянэры-марксыстыя, як Роза Люксэмбург, Мархлеўскі і Дыкштэйн, аўтар вельмі пашыранай у свой час і вельмі каштоўнай кніжачкі «Хто чым жыве». Зусім не такою была Польская Соцыялістычная Партыя. Нацыянальнае польскае пытаньне і вызваленьне польскага гаспадарства ад улады рускага царызму яна ставіла на першае месца. Соцыяльная яе праграма