Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тым ня менш, апіраючыся на перамену настрою рускага ураду, польскае шляхецтва як у Польшчы, так і на Беларусі, стала пакладаць надзеі адбудаваць Польшчу пры дапамозе рускага ўраду. Паўлу І падаюцца такога характару адрасы й пэтыцыі. Цікавы ў гэтых адносінах політычныя пытаньні менскай шляхецкай дэлегацыі, якая, разам з другімі дэлегацыямі, зьявілася ў Маскву на ўрачыстасьць каранацыі Паўла І. Вітаючы цара ад імя новых яго падданых, дэлегацыя зьвяртаецца да рускага ураду з проэктам некаторых перамен рускай політыкі на Беларусі. Дэлегацыя проэктуе: «Каб у кіраваньні частка кіраўнікоў складалася з прадстаўнікоў польскай нацыі; каб судовыя ўстановы ў краі заставаліся, як і раней, на правох нашых польскіх, на ўласнай мове і на старых парадках; каб памешчыкі, што добра ведаюць законы, у судовыя ўстановы пасаджаны былі». Адным словам, шляхецкая дэлегацыя патрабуе, каб мясцовае полёнізаванае панства было дапушчана ў мясцовае кіраваньне грамадзянскімі справамі на Беларусі, бо толькі гэтае панства ведае старыя «польскія» законы. Трэба зазначыць, што некаторыя пункты гэтых пажаданьняў шляхты былі зьдзейсьнены, і політыка катарынінскага ураду была зьменена.

Вышэй гаварылася, што дэлегацыя прапанавала расійскаму ураду, каб судовыя ўстановы на Беларусі заставаліся, як і раней «на правох польскіх». Пад гэтымі «польскімі» правамі разумелася зусім ня польскае законадаўства, а стары «Статут Вялікага Княства Літоўскага», каторы станавіў сабою плод беларускай законадаўчай творчасьці. Зьявіўшыся ў пачатку XVI сталецьця ў беларускай мове, вытрымаўшы ў ёй тры рэдакцыі, к канцу XVIII сталецьця Статут ужо быў перакладзен з беларускай мовы у польскую і выдаваўся цяпер польскаю шляхтаю за продукт польскай юрыдычнай творчасьці. Так глядзела на Статут і расійская улада.

Калі Беларусь была далучана да імпэрыі, урад Катырыны ІІ забараніў ужываць у судовых установах Беларусі Літоўскі Статут, каторы ён лічыў зборнікам польскіх законаў, і на яго месцы паставіў стары, юрыдычны зборнік, утвораны яшчэ Маскоўскім гаспадарствам у 1649 годзе, вядомы пад назваю «Соборного Уложення цара Алексея Михайловича». Гэты зборнік у пачатку XIX сталецьця ўжываўся ўва ўсёй імпэрыі; зразумела, што і Беларусь павінна была прыняць яго ў карыстаньне. «Уложение», напісанае ў 1649 годзе, к пачатку ХІХ сталецьця зрабілася ўжо зусім неадпаведным судовай практыцы і для Расійскай імпэрыі наагул, як зборнік вельмі застарэлы. З цягам часу да яго было дададзена шмат усялякіх пазьнейшых указаў як у мэтах адмены, так і ў мэтах тлумачэньня і зьмены старых указаў. Усё гэта ўносіла ў зборнік, які меў практычныя мэты, вялікую блутаніну і неразьбярыху, што давала бязьмежны прастор для судовага злоўжывань