Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ня і самавольства і для таго суцяжніцтва, каторым так славілася старасьвецкая Расія. Не дарма злажылася аб гэтым рускім законе пагаворка, што ён «як дышла: куды павярнуў, туды й вышла». Ведаючы аб недахватах «Уложения», яшчэ Пётра І ў свой час думаў злажыць новы юрыдычны зборнік, але ў яго часы не ўдалося зьдзейсьніць гэтую думку. Пасьля яго сьмерці ў 1767 годзе думала злажыць «Новое Уложение» Катарына ІІ, але з яе шырокіх і громкіх спроб таксама нічога ня вышла. Так і застаўся існаваць у імпэрыі гэты стары зборнік XVII сталецьця, які зусім ня мог здавальняць патрэб новага жыцьця. Што датычыць да Беларусі, то тут «Уложение царя Алексея Михайловича» не падходзіла яшчэ і з тае прычыны, што яно злажылася на чужым грунце ў зусім неадпаведных для Беларусі абставінах—як экономічных, так і політычных. Для Беларусі «Соборное Уложение» было ня толькі застарэлым, але й чужым, нязвыклым прававым зборнікам. Дзеля гэтага недахваты яго былі тут асабліва глыбокімі й балючымі.

Павал І пашоў на спатканьне пажаданьням польскай шляхты на Беларусі, якія яна выказала ў сваім проэкце, і згадзіўся на тое, каб «судовыя ўстановы засталіся ў краі на правох польскіх». Такім спосабам, замест «Соборного Уложения», дзейным правам на Беларусі зноў зрабіліся нормы «Статуту Вялікага Княства Літоўскага», каторы ў часы Катарыны быў забаронен на Беларусі. Хоць нормы Статуту за доўгі час яго існаваньня шляхта і прыстасавала да сваіх прыгонных інтарэсаў, але ўсё-ж такі яны карысна розьніліся ад «Соборного Уложения» як сваім зьместам, так і сыстэматызацыяй. Апроч таго, карная частка «Статуту» была больш культурная, чым адпаведная частка «Соборного Уложения». Да карыстаньня Статутам беларускія масы звыклі, і ім лягчэй было разьбірацца ў яго артыкулах. Разам з гэтым урад Паўла І дазволіў аднавіць некаторыя з судовых устаноў, каторыя існавалі на Беларусі да інкорпорацыі яе ў склад імпэрыі.

Што датычыць політыкі ў адносінах да рэлігійных вызнаньняў, то і тут мы бачым, што урад Паўла І адмовіўся ад сыстэмы ранейшага ураду. Раней панавала тэндэнцыя пашырыць сярод насяленьня Беларусі праваслаўе за кошт нялюбага каталіцтва і вуніяцтва. Наадварот, урад Паўла І зусім выразна выяўляе свае сымпатыі да каталіцтва. Трэба зазначыць, што з самога канца XVIII сталецьця ня толькі Павал, але і вярхі рускай арыстакратыі апынуліся пад моцным уплывам каталіцтва.

Яшчэ будучы маладым, у часы сваёй падарожы па Заходняй Эўропе (70-ыя годы XVIII сталецьця), Павал І быў, паміж іншым, і ў Рыме. Там ён асабіста пазнаёміўся з рымскім папаю Піем VI. Папа, хоць і ня быў добрым політыкам свайго часу, але зразумеў, што трэба зрабіць усе крокі, каб утварыць з расійскага цэсарэвіча прыхільніка каталіцкай веры і папскага пасаду. Гэта папе і ўдалося зрабіць. Ужо ў