Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падзелы Рэчы Паспалітай. Расійская імпэрыя мотывавала свой удзел у разборах Польшчы гістарычнымі правамі на «рускія» землі ў Польшчы, што выразіла ў добра вядомым лёзунгу—«отторженная возвратих» (я вярнула адабранае калісь). Урад Паўла і як-бы спачувае польскай справе і лічыць, што Расія не павінна была ў свой час прымаць удзел у гэтай несправядлівай і недзяржаўнай справе. Яшчэ будучы насьледнікам царскага пасаду, у размове з вядомым польскім песьняром і патрыётам Нямцэвічам, Павал І сказаў так: «Я заўсёды быў проціў падзелу Польшчы; гэтая справа зьяўляецца столькі-ж несправядліваю, сколькі і недзяржаўнаю». Некалькі раз насьледнік расійскага трону, не баючыся нават гневу ўсёмагутнай мацеры, выяўляе сваё спачуваньне польскаму дыктатару -рэформісту Тадэушу Касьцюшку. Зрабіўшыся ўрэшце расійскім імпэратарам, праз дзесяць дзён пасьля ўступленьня на трон (16/ХI—1796), Павал І асабіста вызваліў з няволі Т. Касьцюшку, каторы сядзеў заарыштаваны ў ніжнім паверху Мрамарнага палацу ў Петраградзе. Не здаволіўшыся гэтым, новы імпэратар, як-бы ў піку ранейшаму ураду, праз два тыдні выдаў Т. Касьцюшку з дзяржаўнага скарбу падарунак у 60.000 рублёў, што на той час складала вельмі значную суму грошай. Урад ня спыніўся на вызваленьні толькі дыктатара. Указам ад 29 лістапада 1796 году былі выпушчаны на волю ўсе «попавшие в заточение и ссылку по случаю бывалых в Польше замешательств». Лічачы падзелы Рэчы Паспалітай гістарычна- несправядлівым і недзяржаўным актам, урад Паўла І аднак-жа зусім ня думаў ліквідаваць іх і аднаўляць Польскую рэспубліку. У размове з польскім «патрыётам» графам Патоцкім Павал І сказаў, паміж іншым, так: «Падзел Польшчы ёсьць факт, які ўжо адбыўся, і з гэтым фактам палякам трэба згадзіцца».

Мадэль на памяць прылучэньня Беларусі да Расіі.