Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перабрацца на Беларусь. Тут ён працаваў у Вільні—раней як адвакат, потым—як міравы судзьдзя. Апошнія годы жыцьця пясьняр пражыў у сваім невялікім фальварку Кушляны ў Ашмяншчыне.

Багушэвіч пісаў у 80-ыя і 90-ыя годы. Творы яго, як і творы другіх радыкалаў-народнікаў, не маглі друкавацца ў Расіі, тым больш, што яго творы зьявіліся ў беларускай мове, каторая была забаронена ў 1867 годзе. З твораў Багушэвіча злажыліся зборнікі: а) «Дудка Беларуская», надрукованая ў Кракаве, у 1891 годзе, пад псэўдонімам Мацея Бурачка, б) «Смык Беларускі», надрукованы ў Пазнані, у 1894 г., пад псэўдонімам Сымона Рэўкі з-пад Барысава, в) «Беларуская Скрыпачка» і др. рукапісы, каторыя так і не маглі ў тыя часы пабачыць сьвету.

Забарона беларускага друку балюча адазвалася на творчасьці беларускіх народнікаў. Вось чаму ў першым сваім зборніку «Дудка Беларуская» аўтар у прадмове да зборніку з болем у сэрцы ставіць пытаньне аб мове. Беларуская мова забаронена урадам, над ёю зьдзекуюцца рускія і палякі, як над моваю «мужыцкай, хамскай»; нідзе ёй няма месца, апроч сялянскай хаты. Багушэвіч тым ня менш будзе пісаць у гэтай мове свае творы і будзе бараніць яе ад усіх нападаў. «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй! Вам афяруючы працу маю, мушу з вамі пагаварыць троху аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да й не адны мы, а ўсе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна беларускай». Далей аўтар прызнаецца, што раней і сам ён, паддаючыся агульнаму погляду, лічыў беларускую мову мужыцкай, але знайшліся добрыя людцы, каторыя пазнаёмілі яго з гэтай мовай і пераканалі яго ў тым, што яна— мова народу. Апроч таго, ён сам чытаў старыя урадавыя паперы і навуковыя творы, напісаныя ў гэтай мове і пераканаўся яшчэ раз, што беларуская мова такая самая, «як француская альбо нямецкая, альбо іншая якая», што яна ёсьць ня мова толькі «мужыка», а мова народу.

Як-жа гэта так зрабілася? Справа ў тым, што зьняважана доля беларуса, што беларус у масе ёсьць «мужык». А калі так, то зьняважана і яго мова, якая стала мовай «мужыка». Усе народы, нават зусім маленькія народы, нашыя пабрацімцы (харваты, чэхі, баўгары і інш.), і чужыя (яўрэі) маюць пасвойму пісаныя і надрукованыя кніжачкі і газэты. Усе маюць магчымасьць учыць сваіх дзетак у тэй мове, на якой яны гавораць. «А ў нас, як-бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць пасвойму, дык можа-б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі-б, што піша памужыцку і, як дурня, абсьмяялі-б» (Прадмова). Тым ня менш Багушэвіч будзе пісаць «памужыцку», бо ён «мужыцкі» і разам з тым беларускі пясьняр.