Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мас. Што датычыць да Беларусі, то на яе абшары эканамічная эксплёатацыя і політычны уціск моцна зьвязаны з нацыянальным прыгняценьнем. Папярэдняя гісторыя аставіла тут цяжкую спадчыну: соцыяльныя групіроўкі, пануючыя экономічна і політычна на Беларусі, належаць да другіх нацый, культурна вышэйшых ад беларускай нацыі, да каторай у сваёй масе належыць беларускі селянін. Беларускі селянін эканомічна й політычна прыгнятаецца польскім ці рускім панам і рускім чыноўнікам, а разам з ім прыгнятаецца яго мова й культура. Пан і вураднік бачаць у васобе селяніна ня толькі прадстаўніка асобнай соцыяльнай групы, але й прадстаўніка асобнай нацыі. Яны душаць яго з гэтых двух бакоў. Такім спосабам народніцтва канца XIX ст. на Беларусі зноў, як і раней, павінна было паставіць радам сялянскае соцыяльнае пытаньне і беларускае нацыянальнае пытаньне. Народніцтва, такім чынам, разам з тым было й беларускім рухам. Само сабой зразумела, што народнік на Беларусі, калі хацеў блізка падыйсьці да селяніна і быць для яго зразумелым, то ён павінен быў зьвярнуцца да яго і пісаць аб ім у тэй мове, якой думае й гаворыць селянін. А селянін на Беларусі карыстаўся сваёй «простай», беларускай мовай. Калі народнік у цэнтральнай Расіі піша паруску, то для беларускага народніка абавязкова беларуская мова. Калі народніку Расіі рускай мовы абараняць ня трэба, то народніку Беларусі прыходзіцца абараняць беларускую мову, каторая ўціскаецца разам з беларускім селянінам.

Тыповым прадстаўніком беларускага народніцтва, а разам з тым і беларускага руху гэтага часу зьяўляецца Францішак Багушэвіч, каторы пісаў пад псэўдонімамі - Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава (1840—1900). Радзіўся ён у Віленшчыне, у Ашмянскім пзвеце. Бацькі яго належалі да дробнай шляхты і жылі даволі бедна. Сярэднюю асьвету Багушэвіч атрымаў у Вільні, а для вышэйшай адукацыі паступіў у Пецярбурскі унівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт. Перад паўстаньнем 1863 году пясьняр кідае навуку і едзе на бацькаўшчыну. Тут ён займае пасаду вясковага настаўніка ў Дацішках і прымае дзейны удзел у паўстаньні. Пасьля аднэй бойкі, паранены ў нагу, Багушэвіч апынуўся ў беднай сялянскай хаце. Селянін схаваў раненага настаўніка ад рускіх жандараў і пасьля доўгага лячэньня адхадзіў песьняра. Калі паўстаньне было задушана, ён зноў узяўся за навуку. Неяк яму ўдалося паступіць у Нежынскі юрыдычны ліцэй, каторы ён і скончыў у 1868 годзе. Потым пашла служба па судовых пасадах у розных куткох імпэрыі (Чарнігаў, Волагда і г. д.). Даволі доўга пражыў Багушэвіч на Украіне, дзе ён займаў пасаду сьледавацеля пры судзе ў Канатопскім павеце. Тут ён азнаёміўся з украінскім рухам і навучыўся гаварыць паукраінску. Толькі пад старасьць удалося яму