Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Беларускі рух у канцы XIX сталецьця.

Беларускі рух у трэцяй чвэрці ХIХ ст. быў у сваёй сутнасьці выяўленьнем народніцтва двух кірункаў. Адзін кірунак народніцтва выцякаў з лібэральнага шляхецкага народафільства. Ён насіў сантымэнтальна-ўтапічны характар. Тыповым яго прадстаўніком і выявіцелем быў беларускі пісьменьнік Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч. Другі кірунак народніцтва, зьвязаны сваймі карэньнямі з рускім рэволюцыйным народніцтвам 60-х і 70-х гадоў, насіў практычна-рэволюцыйны характар. Ён быў поўна і яскрава прадстаўлен чырвоным дыктатарам Беларусі ў часы паўстаньня 1863 году, Кастусём Каліноўскім і яго таварышамі па зброі. І ў далейшыя часы беларускі рух зьяўляецца выражэньнем народніцтва, каторае прыме толькі новую ахварбоўку.

Спроба часу і экономічнае разьвіцьцё Беларусі скінулі з марцінкевіцкага народніцтва сэнтымэнтальны утапізм. Вярнуцца да яго зноў ня было ўжо ніякай магчымасьці. Мураўёўшчына і далейшыя часы царска-дваранскай рэакцыі задушылі запал рэволюцыйнага народніцтва эпохі паўстаньня. У далейшыя часы народніцтва пашло па сярэднім шляху паміж двума крайнімі старымі, па шляху радыкальна-дэмократычнаму.

Народнік-беларус апошняй чвэрці ХІХ ст. па сваім соцыяльным палажэньні найчасьцей ёсьць зьбяднелы дробны шляхціц. Зямлі ў яго ўжо няма. Ён павінен шукаць хлеба ці шляхам атрыманьня службовай пасады, ці вольнай інтэлектуальнай працай. Гэта той гісторыка-соцыяльны тып, каторы атрымаў вядомую ўсім назву розначынца-інтэлігэнта. Ён, трэба прызнаць, умее вельмі блізка й шчыра падыйсьці да простага, працоўнага беларускага люду. Паміж ім і беларускім селянінам ужо не стаіць маёнтак. Даволі часта новы народнік зьяўляецца былым удзельнікам польскага паўстаньня 1863 году ў яго чырвоным кірунку. Ён перажыў слаўныя часы рэволюцыі Каліноўскага, перажыў цяжкі кулак мураўёўшчыны і рэакцыі далейшых часоў. Усё гэта навучыла яго, што да селяніна трэба падыходзіць рэальна.

Селянін на Беларусі жыве ў цяжкіх умовах. Яго душыць малазямельле і безьзямельле. Ён вядзе цяжкую барацьбу за сваё існаваньне ў нявыноснай беднасьці, у цемнаце і несьвядомасьці. У свае часы народнік у стылі Марцінкевіча быў перакананы, што прычына цяжкага стану селяніна крыецца ў надужыцьцях благіх паноў, аканомаў, арандароў і другіх падпанкаў. Не такія настроі і пераконаньні народніка 80-х і 90-х гадоў. Ён добра разумее, што гарапашніку-селяніну жывецца на Беларусі дрэнна не ад гэтых дробных надужыцьцяў, а ад таго, што ён выносіць на сваім карку сучасны яму лад жыцьця, пабудованы на экономічнай эксплёатацыі і на політычным прыгняценьні працоўных