Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

свой маёнтак і абрабляе яго цалком, стараючыся інтэнсіфікаваць сваю гаспадарку і прыстасаваць да тэхнічнай апрацоўкі сырыя продукты, дабытыя з зямлі. Дзеля гэтага дастаць у варэнду кавалак зямлі з маёнтку вельмі трудна. Дзе-ні-дзе селяніну ўдаецца дастаць арэнду з маёнтку пры умове аплаты арэнды сваёю працаю. Наадварот, моцна разьвіваецца батрацтва: прыватнаўласьніцкія маёнткі на Беларусі апрацоўваюцца як пастаяннымі вяскова-гаспадарокімі рабочымі, так і сэзоннымі. Але гэта ня вычэрпвае лішніх рабочых рук. Селянін за працаю ідзе ў горад. Серадняцкае сялянства запаўняе сваймі дзяцьмі танныя школы: настаўніцкія сэмінарыі, гарадзкія вучылішчы. Стыпэндыі часта прывабліваюць сюды і беднату. Наплыў сялянскіх дзяцей учыняе тут такі конкурс, якога ня ведалі вышэйшыя спэцыяльныя тэхнічныя школы. Сярэднія лічбы конкурсу ў настаўніцкую сэмінарыю такія: прыяжджае на экзамэн 350-400 хлапцоў, а прымаецца ў школу 30-35 вучняў. Бедната з вёскі прагнецца папасьці на фабрыкі і заводы. Гарады ня могуць прыстроіць новага пролетара дзеля таго, што яны ня маюць шырока разьвінутай фабрычна-заводзкай прамысловасьці. Апроч таго, гарады і мястэчкі Беларусі набіты рамясловаю і пролетарскаю яўрэйскаю беднатою, каторую сілком сабрала сюды з аднаго боку мяжа аселасьці, з другога боку—часовыя правілы 1882 году. Перапаўненьне гарадоў беднатою як яўрэйскаю, так і беларускаю, утварыла тут сыстэматычнае масавае безрабоцьце. Трэба было шукаць выйсьця. І вось пацягнуліся безработныя з Беларусі ў далёкую Амэрыку, шукаючы там працы й лепшай долі. З кожным годам эміграцыя ў Амэрыку ўсё расьце. Апроч Амэрыкі, з 1889 году, калі быў выдан закон аб перасяленьнях, безьзямельле і малазямельле гоняць беларускага селяніна ў халодную Сібір. Да вайны ў Сібір выехала каля 800.000 перасяленцаў з Беларусі.

У 1882 годзе быў адчынен і ў 1883 годзе пачаў свае опэрацыі Сялянскі Зямельны Банк. За сваю мэту ён паставіў пашырэньне сялянскага земляўладаньня. Зразумела, што банк не памог безьзямельным і малазямельным, бо ў іх ня было грошай на гандлёвыя опэрацыі. Да банку зьвярнулася зусім малая частка беларускай сялянскай беднаты. Яны зрабілі з банкам умовы, унесьлі першыя ўзносы, а потым іх землі, як землі неакуратных плацельшчыкаў, вярнуліся назад у банк. Заможнае сялянства, а часам і сераднякі праз банк крыху павялічылі свае надзелы, але гэтае павялічэньне было нязначным. У Меншчыне, напрыклад, каторая мела 57,3% малазямельных, праз банк было куплена толькі каля 500 дзесяцін зямлі. Банк ня столькі памог малазямельным, колькі дапамог наслаеньню беларускай вёскі. Заможнае сялянства прыкупіла зямлі, а незаможнае, як і раней, ішло па шляху пролетарызацыі, павялічваючы лік тае клясы, каторая потым стала на чале рэволюцыі.