Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзім гістарычны і этнографічны матар'ял. Сваю працу аўтар пачаў у канцы XIX ст. Першы том твору «Белоруссы» быў надрукован у 1904 годзе і мае такі падзагаловак: «Введение к изучению языка и народной поэзии белоруссов». Грунтуючыся на тым факце, што мова народу разьвіваецца поруч з народам, аўтар пачынае сваю працу з вызначэньня граніц Беларусі па мове беларускага народу. Потым ён дае гістарычны нарыс жыцьця і мовы старажытных насельнікаў Беларусі і паказвае, як складалася і злажылася беларуская народнасьць і беларуская мова к пачатку XIV ст., як жылі беларусы ў Літоўска-Рускім гаспадарстве да Люблінскай вуніі й пасьля яе. У канцы кнігі проф. Е. Ф. Карскі дае два цікавыя нарысы: 1) нарыс навуковай працы над мовай і этнографіяй Беларусі і 2) нарыс сучаснай прыгожай літаратуры ў беларускай мове. Другі том твору друкаваўся з 1908 да 1912 г. Падзагаловак яго такі: «Язык белорусского племени». Гэты том складаецца з трох кніжак. Першая кніжка зьмяшчае ў сабе гістарычны нарыс гукаў беларускай мовы; другая кніжка—морфолёгію мовы, іначай кажучы, складаньне й зьмену слова; трэцяя кніжка дае сынтакс беларускай мовы. Такім спосабам, аўтар даў у сваёй грунтоўнай працы фундамэнт для будоўлі школьнай граматыкі нашага часу. Апроч таго, у З кніжцы другога тому маюцца дадаткі, датычаныя да літаратуры па беларускім пытаньні і да сучаснага культурна-нацыянальнага беларускага руху. Колькі працы было аўтару над сваім творам, відаць ужо з аднаго таго, што толькі другі том «Белоруссов» складае больш 1.300 старонак. Пасьля таго, як мова беларуса была навукова разгледжана, проф. Карскі пачаў займацца творамі вуснага й пісанага беларускага слова. Трэці том «Белоруссов» дае нам гісторыю гэтых твораў. Першая кніжка дагледжвае гісторыю народнай вуснай творчасьці. Другая кніжка дае гісторыю старой беларускай пісьменнасьці. Трэцяя кніжка—гісторыю новай беларускай літаратуры.

Затрымаемся крыху на навуковай працы рускіх вучоных па гісторыі Беларусі. Тых, хто хоча больш дэтальна пазнаёміцца з гэтым пытаньнем, мы пасылаем да вельмі каштоўнай кніжкі Ў. І. Пічэты «Введение в русскую историю» (Источники и историография), стар. 178—191. Настрой гісторыкаў такі самы, як і настрой вышэй названых вучоных. На іх погляд Беларусь—гэта «Северо-Западный край Роосии», у каторым жыве «искони русское население». З зачыненьнем Віленскага унівэрсытэту, праца над гісторыяй Беларусі сконцэнтравалася ўкола Кіеўскага унівэрсытэту, потым яна перашла ў Варшаву, Пецярбург, Маскву і інш. гарады.

Першымі пачалі працаваць гісторыкі-юрыстыя Антановіч і Уладзімірскі-Буданаў. Антановіч зьвярнуў увагу на пабудову Літоўска-Рускага гаспадарства. Ён дасьледжвае пытаньне аб хуткім ўзросьце і