Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хуткім заняпадзе Літоўска-Беларускай дзяржавы. Апошні факт, на яго погляд, залежаў ад нацыянальных спрэчак паміж літвінамі і беларусамі. Антановіч дасьледжвае факты, ён зусім мала цікавіцца тэорэтычна-філёзофскімі пытаньнямі. Уладзімірскі-Буданаў разглядае праўныя нормы Беларускага гаспадарства і асабліва цікавіцца Майдэборскім правам гарадоў і Літоўскім Статутам. Часта ён закранае пытаньне аб культурных узаемаадносінах Польшчы і Беларусі. У такім-жа кірунку працуе проф. раней Адэскага, потым Варшаўскага унівэрсытэту Ф. І. Леантовіч.

Калі ў вышэйназваных аўтараў фактычны бок працы стаяў на першым месцы, то мы ня можам гэтага сказаць аб М. Каяловічы. Політыка-філёзофскі момант у яго працах высоўваецца ўперад, і мы маем поўную магчымасьць даць характарыстыку яго поглядаў, як гісторыка Беларусі. У 1864 годзе ён выпусьціў з друку кніжку пад назваю «Чтение по истории Западной России». Кніжка зышла другім выданьнем у 1884 годзе. Мы зробім тыповыя выняткі з прадмовы аўтара да другога выданьня кніжкі. Ён піша: «Выконваю мой абавязак да Заходняй Расіі, на абшары каторай я нарадзіўся і ўзрос блізка ад рускага яе народу і ў каторай у мяне з раньніх год закладаліся галоўнейшыя асновы ўсёй далейшай маёй дзейнасьці». І далей: «Як дваццаць год таму назад, так і цяпер перад намі стаіць вялікая патрэба знаць Заходнюю Расію паруску, разумець паруску, што, як пабачым, бліжэй ад усіх другіх поглядаў да праўды і ўводзіць у гэтае пазнаньне і разуменьне мільёны новых нашых грамадзян Заходняй Расіі, простых маларосаў, беларусаў і ліцьвіноў, каторыя ўсё больш і больш пасьля вызваленьня сялян уваходзяць у межы ведаў і імкненьняў адукаваных людзей». Калі чытаеш гэтыя цікавыя выняткі з рускага прафэсара, ураджэнца Беларусі, але офіцыяльна патрыота царскай Расіі, то так і выплывае параўнаньне яго з Рыпінскім. Рыпінскі хоча, каб беларускі селянін навучыўся раней чытаць, а потым і думаць папольску, а Каяловіч хоча, каб мільёны простых украінцаў, беларусаў і ліцьвіноў пазналі і зразумелі свой край і саміх сябе паруску. І той і другі хоча выкасаваць самабытнасьць беларуса і Беларусі, адзін—на карысьць Польшчы, другі—на карысьць Расіі. Пасьля Каяловіча, у такім самым кірунку працуюць П. П. Жуковіч, К. В. Харламповіч, Бацюшкаў, Бранцаў і другія. Выдатнейшымі гісторыкамі нашага часу зьяўляюцца Любаўскі, Доўнар-Запольскі і Пічэта. Яны вышлі з рускай школы вучоных, перанялі ўсю навуковую спадчыну гэтай школы, выкінуўшы яе старыя політыка-філёзофскія погляды.

Рэакцыя канца XIX сталецьця.

Годы глубокай рэакцыі займаюць сабою канец XIX і самы пачатак XX сталецьцяў як ува ўсёй Расіі, так і на Беларусі. Гэтая рэакцыя