Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скай, беларускай шляхце, каторая магла наняць для сваіх дзяцей настаўнікаў і мела грошы, каб аддаць дзяцей у рускія школы, нішто не перашкаджала навучыцца рускай мове. Разам з беларускай беднатой, пацярпела і польская бедната краю, бо яна таксама ня мела сродкаў, каб наўчыцца рускай мове.

У 1867 годзе выдаецца спэцыяльны загад, на аснове каторага забараняецца друкаваць кніжкі ў беларускай мове. Трудна разабраць, якія меркаваньні кіравалі політычным розумам рускай бюрократыі, калі яна выдавала гэты загад. У часы паўстаньня выдавалася проціўрадавая літаратура ў беларускай мове. Але ў беларускай мове друкавалася літаратура і проціпаўстаньніцкая. Апроч таго, мы ведаем, што проціўрадавая літаратура друкавалася і ў другіх мовах, у тым ліку ў польскай і рускай мовах. Тады, выходзіць, трэба было-б забараніць друк у польскай і рускай мовах. Калі ўжо быць лёгічным і карыстацца спробаю паўстаньня, то урад павінен быў-бы разьвінуць шырока офіцыяльна патрыотычнае выдавецтва ў беларускай мове, г. зн. паступіць якраз наадварот таму, як паступіў ён, забараніўшы зусім друк у беларускай мове. Так ці йначай, але вынікі ад загаду былі вельмі шкадлівыя для Беларусі. Беларускае слова на некалькі дзесяткаў год, аж да часоў рэволюцыі 1905 году, было заціснула ў вузкія рамкі рукапісу. А калі часам яно абманнымі спосабамі пападала ў друк, то гэта былі толькі вельмі рэдкія здарэньні.

Што да вяліла рускага грамадзянства, то там, пры дапамозе офіцыяльнай прэсы, упарта пашыраецца погляд, што Беларусь ёсьць край «искони русский», прычым слова «русский» разумеецца ў вузкім сэнсе— вялікарускі. Паводле гэтай тэорыі, беларусы нічым ня розьняцца ад вялікарусаў і ня маюць ніякіх бытавых і культурных асаблівасьцяй. Ідзе націск на беларусаў-католікаў, каб іх зрабіць праваслаўнымі, бо калі яны будуць каталікамі, то пераробяцца на палякаў, а калі стануць праваслаўнымі, то зноў зробяцца «искони русскими людьми». На захадзе імпэрыі ўтварылася атрутная атмосфэра барацьбы польскага і рускага нацыяналізму, праваслаўнага і каталіцкага клерыкалізму. У гэтую атмосфэру папала Беларусь з яе рознанацыянальным і рознарэлігійным насяленьнем. Вынікі былі дрэнныя. Край атручваўся нацыянальнай і рэлігійнай атрутаю. Нацыянальныя меншасьці прыгняталіся і глыбока хварэлі нацыянальна-рэлігійнаю хваробаю, паратунак ад каторай дала толькі сучасная нам соцыяльная рэволюцыя.

Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гадох.

Вырасшы на экономічным і разам з тым на політычным грунце ў канцы першай і пачатку другой чвэрці ХІХ-га ст., беларускі рух пераходзіць і ў трэцюю чвэрць сталецьця, апіраючыся на ранейшыя