Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ёй уласнай дамовай царквы, каб рабіць на сваіх выхаванцаў рэлігійны праваслаўны ўплыў. У сэмінарыях вучылася руская патрыотычна- самаўладная гісторыя і літаратура, прыродныя навукі «у згодзе са сьвятым пісаньнем», пэдагогіка і г. д. Вучням прышчэпліваліся ідэі вялікарускай вялікадзяржаўнасьці і шовінізму, культываваўся погляд на нярускіх, як на інародцаў, асабліва цьвіло юдафобства. Магчымая беларуская мова вучняў была абвешчана някультурнай мужыцкай мовай, каторую трэба выганяць з ужытку. Ішлі заўсёдныя сыстэматычныя зьдзекі над мовай, манерамі і вопраткай вучняў. Яны, закупленыя скарбовай стыпэндыяй, усё цярпелі, каб ня быць выкінутымі на вуліцу, паступова здаваліся і перарабляліся на новы капыл.

Праз дзесяць год (1872 г.), адначасна з палажэньнем аб гарадзкіх вучылішчах, утвараюцца як-бы вышэйшыя настаўніцкія сэмінарыі пад назваю настаўніцкіх інстытутаў, для падгатоўкі настаўнікаў гарадзкіх вучылішч. Курс навучаньня трохгадовы. Для Віленскае акругі засноўваюцца ў Вільні два інстытуты: раней хрысьціянскі для праваслаўных і потым яўрэйскі. Па духу гэта—тыя самыя сэмінарыі, толькі павышанага тыпу. З інстытутаў- выходзілі больш кваліфікаваныя і больш заўзятыя русыфікатары.

Для ўсіх школ прысылаюцца з Расіі новыя падручнікі адпаведнага характару. Пры школах утвараюцца бібліотэкі, складзеныя з кніжак таго-ж самага кірунку. Пры некаторых вясковых школах гэтыя бібліотэкі прыстасованы для абслужваньня ня толькі вучняў, але й наогул жыхарства. У бібліотэках быў вялікі аддзел кніг рэлігійна-патрыотычных. Перад кожнай лекцыяй і перад усімі наогул раніцай уводзіцца чытаньне праваслаўных малітваў, ня гледзячы на тое, што і вучні і настаўнікі належалі да другіх мясцовых вер. Школа перарабляецца як-бы ў «ваінствуючы аддзел царквы». «Каб школа зрабілася рускай, яна павінна была перабудавацца ў свайго роду «ecclesia militans» ня толькі з характару абароны, але й наступу. З гэтаю мэтаю ўжо граф Увараў (прадмесьнік Карнілава) ускладаў на рускіх настаўнікаў у школах Паўночна-Заходняга краю абавязак ня толькі абаронцаў, але й місіянэраў праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці» (А. М. Миловидов. Памяти И. П. Корнилова, 1911 г., стр. 16). Такім спосабам, пасілкамі Карнілава і яго супрацоўнікаў на Беларусі ўтвараецца школа ваяўніцкага рэтроградзтва, школа чужая для побыту і шкадлівая для інтарэсаў працоўных мас нашага краю.

Урадаваю моваю на Беларусі абвяшчаецца выключна руская мова. Раней на працягу соцень год працоўныя нізы краю ламаліся пад польскую мову й культуру, цяпер яны ламаюцца ў другі бок,—пад рускую мову й культуру. Зразумела, што і тут найбольш пацярпела сялянская і рабочая беларуская частка насельніцтва краю. Заможнай поль