Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падставы. Ён узмацняецца, як рух опозыцыйны ў адносінах да русіфікацыі на Беларусі. Беларускі рух, як і сучасны яму грамадзянскі рух у Расіі, ахварбоўваецца ў лібэралізм, каторы адзначае сабою прыбліжэньне эпохі прамысловага капіталізму. Лібэралізм у такіх земляробскіх краінах, як Расія і Беларусь, выяўляецца ў свайго роду сэнтымэнтальным народалюб'і, каторае бярэ пад сваю, праўда нямоцную, апеку селяніна і становіцца ў опозыцыю прыгоньніцкаму гвалту над асобай селяніна. Само сабою зразумела, што гэта лібэральная опозыцыя — вельмі далікатная і зусім бясьпечная для прыгоннага строю, бо опозыцыянэры па сваім пахаджэньні і соцыяльных поглядах зьяўляюцца шляхціцамі. Мы ведаем, што на Беларусі прамысловы капіталізм прасякае ў шляхецкі быт даволі рана і ў 50-ыя і 60 годы разьвіваецца ўсё глыбей і шырэй; у сувязі з гэтым расьце і лібэралізм у шляхецкіх холах. Лібэралы-шляхціцы на Беларусі пачынаюць усё больш і больш разумець нявыгоднасьць для самых паноў тых гвалтаў і надужыцьцяў прыгону, каторыя яны бачаць наўкола. У лібэральных шляхецкіх колах на Беларусі зьяўляецца адпаведная літаратура, каторая хоча абараніць запрыгоненага селяніна. Яна хоча даказаць прыгоньніку-пану, што ня трэба рабіць уціску і зьдзеку над селянінам, каторы на яго працуе. Таксама, як калісь рускі пісьменьнік Карамзін, беларускія пісьменьнікі гэтага кірунку стараюцца пераканаць паноў, што «и крестьянки чувствовать умеют», што сяляне такія самыя людзі, як і паны. Зразумела, што гэтая сантымэнтальна-народніцкая літаратура вытвараецца ў беларускай мове, бо яна ня толькі апісвае быт селяніна, але хоча сама сайсьці ў народныя нізы і там знайсьці чытача яе твораў.

Пан на Беларусі ў сваёй масе—паляк, прыгнятальная політычная ўлада—расійская. Спачуваючы селяніну-беларусу прадстаўнікі руху становяцца ў опозыцыю паляку і рускаму. Беларускасьць, такім спосабам, становіцца ў сувязь з соцыяльнымі, сялянскімі сымпатыямі прадстаўнікоў руху. Беларускасьць руху зьвязана з яго народніцтвам. Выходзячы найчасьцей з беларускай дробнай шляхты, прадстаўнікі беларускага руху знаходзяцца ў меншай апозыцыі да польскасьці, чым