Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каб прыехаўшы з Расіі «культуртрегер» мог лепш абсесьціся на новым месцы, яму выдавалася, без залічэньня на рахунак, паўгадавая пэнсія. Разам з сьвяшчэньнікамі і настаўнікамі выклікаюцца з устаноў цэнтральнай Расіі і ўраднікі як на вышэйшыя, так і на звычайныя пасады. Беларусь сьпешна нагружаецца вялікарускімі бюракратамі ўсіх рангаў і тыпаў, каторыя ў большасьці зьяўляюцца адбросамі Расіі.

Не здавальняючыся офіцыяльнымі запрашэньнямі ўлады, Карнілаў піша прыватныя лісты да архірэяў, грамадзкіх і навуковых дзеячоў Расіі, каб яны па сваёй добрай ахвоце агітавалі і пропагандавалі сярод вучнёўскай моладзі наконт яе прыезду на Беларусь і ў Польшчу. Друкуюцца адпаведныя абвесткі ў мясцовых і расійскіх газэтах. На рускіх пісьменьнікаў і дзеячоў правага лягеру, асабліва на славянафілаў, гэтыя прызывы зрабілі ўражаньне. Яны пачынаюць прапаведваць «крыжовы паход» на «заходнія вобласьці» Расіі ў імя русіфікацыі гэтых краін. Вось перад намі артыкул І. Аксакава пад назваю «Что такое полонизм?», зьмешчаны ў газэце «День». Там мы чытаем такое месца: «У газэтах бесьперастанку друкуецца пропозыцыя ад ураду да рускіх з вялікарускіх губэрань, каб яны занялі пасады міравых пасрэднікаў і некаторыя іншыя ў нашых заходніх вобласьцях. Няхай-жа чэсная адукаваная моладзь, скончыўшы навуку ў унівэрсытэце, пакіруецца ў Заходні край з сваімі сьвежымі, бадзёрымі сіламі і зьявіцца там місыёнэрамі рускай народнасьці» (С. Шолкович. Сборник статей, раз’ясняющих польское дело в Зап. России. Вильна. 1885 г. Вып. 2, стр. 337). «Крыжовы паход» на Беларусь адбыўся. Трэба толькі сказаць, што ў ім прыняла удзел ня столькі «чэсная», колькі кар'ерыстычна-настроеная моладзь.

Каб павялічыць лік настаўнікаў, каторыя-б адпавядалі урадавай політыцы як на акраінах, так і ў цэнтры, у 1864 годзе было прынята «палажэньне аб настаўніцкіх сэмінарыях». У гэтым-жа годзе Ў Маладзечне закладаецца першая наагул у Расіі настаўніцкая сэмінарыя. Статут сэмінарыі прасякнуты звычайнымі для таго часу прынцыпамі— праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці. Былі падабраны адпаведныя духу уставу пэдагогі, найбольш з скончыўшых духоўныя школы. Сэмінарыі адпушчаюць сродкі для вучнёўскіх стыпэндый, каб прыцягнуць да навукі бедных мясцовых юнакоў, замацаваць іх за школай і перарабіць на працягу 3-4 -год «в истинно-русских людей». І трэба зазначыць, што сэмінарыі з пасьпехам выконвалі ўскладзенае на іх рускім урадамі заданьне. Яны тварылі і выпускалі ў сьвет новую, выйшаўшую найчасьцей з сялянства інтэлігэнцыю, каторая адрывалася ад працоўных беларускіх мас і прыставала да тэй інтэлігэнцыі і бюрократыі, каторая была выклікана з Вялікарусі. На першым месцы сэмінарскае праграмы стаяў «закон божы». Рэдкая сэмінарыя ня мела сва