Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Расіяй». Выходзіць, што беларускую моладзь затым трэба выхоўваць у правілах праваслаўнае царквы, што ў гэтай царкве «русский дух и Русью пахнет», што яна зьвязвае з рускім цэнтрам і што яна ўрэшце вучыць змагацца з каталіцызмам і полёнізмам.

У сувязі з вышэйсказаным, галоўным кіраўніком рускай праваслаўнай школы на Беларусі павінен быць праваслаўны сьвяшчэньнік. Што датычыць да настаўніка, хоць ён і грае і другую ролю, тым ня менш і ён павінен быць ня толькі праваслаўным, але й рускім. Настаўнікі-палякі выганяюцца са школ; разам з імі выганяюцца і настаўнікі-беларусы каталіцкага вызнаньня, бо яны, як каталікі, лічацца за палякоў. Бяруцца пад сумненьне і праваслаўныя беларусы, як мясцовы элемэнт, праваслаўе каторага вельмі часта вышла з вуніяцтва. Сьвяшчэньніку, калі ён беспасрэдна не зьяўляецца загадчыкам і настаўнікам школы, даецца права быць наглядчыкам за школаю. Апроч таго, у кожным выпадку, ён павінен навучаць правілам веры і сьвяшчэннай гісторыі, каторыя прызнаны асноўнымі прадметамі школы. Як у сярэднія вякі у Заходняй Эўропе, усе іншыя навукі былі пастаўлены ў служэбную залежнасьць ад веры. Адказным за «дух» школы зьяўляецца сьвяшчэньнік; ён даглядае за політычнай пэўнасьцю настаўніка ў адносінах да праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці. Доля настаўніка пры такіх умовах жыцьця знаходзіцца ў руках яго духоўнага айца. Нават зусім пэўны ў політычных адносінах настаўнік можа згубіць месца, мець іншыя няпрыемнасьці, нават папасьці пад нагляд поліцыі, кал ён асабіста не спадабаўся духоўнаму айцу. Асабліва, напр., пацярпелі проста безгалосыя настаўнікі толькі за тое, што не маглі самі сьпяваць на прыпасе і вучыць гэтаму вучняў, ці проста басам чытаць на набажэнстве «апостала».

Пры такой пастаноўцы выхаваньня і навучаньня моладзі мясцовых праваслаўных сьвяшчэньнікаў і настаўнікаў не хапала. Тым больш, што тыя з іх, каторыя раней былі вуніятамі, былі ўзяты пад падазроннасьць і лічыліся неадпаведнымі для русіфікацыі. Тады пачынаюць выклікаць сьвяшчэньнікаў і настаўнікаў з цэнтральнай Расіі. Зразумела, што за «так-сабе» ніхто ня кіне наседжанага месца,—тым больш, што трэба ехаць у край, каторы нашумеў паўстаньнем. Прышлося вабіць русіфікатараў на Беларусь экономічнымі выгодамі. Для гэтай мэты былі асыгнаваны грошы, каб да звычайнай пэнсыі русіфікатараў дадаваць нейкую спэцыяльную суму «за обрусение края». Дзякуючы гэтаму дадатку, пэнсія для асоб, што прыяжджалі на Беларусь для русыфікацыі, павялічваецца ў 1½ разы. Падарожныя грошы асобам, выкліканым на Беларусь з Расіі, павялічаны, параўнальна з звычайнымі падарожнымі, у два разы. Калі прыняць пад увагу дальнасьць пераездаў, то ясна, што яны складалі даволі прыкметную велічыню. Апроч таго,