Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скія колы, для каторых самаўладная Расійская імпэрыя была смачным кавалкам пірага. Наўкола імя Мураўёва быў учынен вялікі шум, на каторы зьвярнуў увагу нават Герцэн, назваўшы тагачасныя настроі рэакцыйнай прэсы «патриотическим сифилисом», каторы з Масквы пачаў пераходзіць ува ўсе куткі чыноўніцка-дваранскай Расіі. «Як толькі Мураўёў выступіў на барацьбу з паўстаньнем, на яго пасыпалася такая агромністая колькасьць сьпічаў, дэпэш, адрасоў, дэпутацый, малебнаў, урачыстых спатканьняў, аглушаючых выкрыкаў «ура», царкоўных звонаў, букетаў, гірлянд, вэнзалёў, штандараў, плошак, альбомаў, віншавальных лістоў, ікон (асабліва ікон: бясконца вялікіх і маленькіх, залатых і срэбных), што гэтыя штодзённыя пачэсты зрабіліся для яго неабходнасьцю. «Льём за здоровье и успехи вашего превосходительства! Ура!»—тэлеграфавалі і пісалі яму з Піраціна, Суражу, Меньзеліжка, усіх расійскіх гарадоў і мястэчак. Хутка ён пачаў адчуваць сябе любімцам Расіі, найпапулярнейшым чалавекам у імпэрыі. «Увага і «пачуцьцё Расіі—лепшая для мяне нагарода», заўсёды адказваў ён на гэтыя прывітаньні. «Задушыўшы паўстаньне, ён прыняўся за такую-ж самую лютую русіфікацыю Польшчы... пры чым яго законы аб мірнай русіфікацыі Польшчы аказаліся яшчэ горшымі ад шыбеніц» (К. Чуковский. Поэт и палач. стр. 13). Мы выпісалі гэты вынятак, як даючы вельмі яскравы малюнак тых абставін, пры каторых адбывалася русыфікацыя зямель, што ўваходзілі калісь у склад Рэчы Паспалітай. Апроч таго, вынятак у сваім канцы вызначае правільна пагубнае значэньне для краю русыфікацыі, каторая пашкодзіла нам больш, чым шыбеніцы. Мураўёў-русыфікатар зрабіў больш бяды, чым Мураўёў-вешальнік.

Русіфікацыя стаяла ў беспасрэднай сувязі з ліквідацыяй паўстаньня. Яна павінна была завяршыць ліквідацыю паўстаньня. Трэба было край зрабіць «истинно-русским». Беларус 60-х гадоў лічыў сябе асобным ад вялікаруса: трэба было сілком парадніць яго з ім у імя не яго «мужыцкіх» інтарэсаў, а ў імя інтарэсаў дваранска-царскай Расіі.

Праграма русыфікацыі была апрацавана ў дакладной запісцы Мураўёва, каторую ён падаў на царскі разгляд 14 траўня 1864 г. Мы ня будзем разглядаць усяго зьместу запіскі, застановімся толькі на агульна-адміністрацыйных мерапрыемствах. Мураўёў тут піша так: «Трэба: 1) зацьвердзіць канчаткова аб паўсямесным уводзе рускай мовы, як гэта цяпер зроблена, з прыпыненьнем карыстаньня польскаю моваю ўва ўсіх офіцыяльных і службовых зносінах, а таксама і ў надворных малюнках усякага роду, асабліва ў мясцох, дзе часта бывае народ; 2) не чакаючы, усе вышэйшыя службовыя пасады па ўсіх ведамствах, а таксама ўсе пасады, маючыя дачыненьне да народу,