Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Наш погляд на Мураўёва даволі просты. Перад намі звычайны чыноўнік-рэакцыянэр мікалаеўскай выпраўкі, каторага скарыстала аляксандраўская «эпоха великих реформ». Назва «вешальнік» вельмі падходзіць да гэтага экс-дзекабрыстага, каторы, каб пагасіць ужо загаслы агонь паўстаньня, павесіў, па скромным падліку Грабеца, 396 чалавек і выслаў у Сібір каля 15.000 людзей. Зразумела, што ў гэтай вакханаліі самаўладзтва пацярпела шмат ні ў чым непавінных людзей. Мураўёўскі рэжым так заблутаў соцыяльнае, нацыянальнае і рэлігійнае пытаньне на Беларусі, што толькі сучасная рэволюцыя змагла падыйсьці да іх і разблутаць.

Русыфікацыя на Беларусі.

Паўстаньне ў Польшчы і на Беларусі выклікала ў консэрватыўных фэўдальных колах імпэрыі прыліў нацыяналізму. Цэнтрам гэтага рускага нацыяналізму і гура-патрыятызму зрабілася Масква. Што датычыць чыноўных і прыдворных кругоў Пецярбургу, то тут мы бачым яшчэ працяг лібэралізму, што пачаўся з дня цараваньня Аляксандра ІІ. Цар і кучка яго інтымных прыяцеляў былі прыхільнікамі лібэральных мерапрыемстваў у вадносінах да паўстанцаў. Толькі пад уплывам таго, што паўстаньне разрасталася і пагражала шырокімі пасьледзтвамі, цар згадзіўся на назначэньне ў Вільню Мураўёва, каторага выстаўляла консэрватыўная Масква. «У Пецярбурзе улада графа Мураўёва вісела на валаску. Ён быў заклікан да ўлады хутчэй як нешта няўхільнае, чым пажаданае, падобна таму, як гэта было ў 1812 годзе з Кутузавым». (Л. Тихомиров. Варшава и Вильна в 1863 году. 1897 г. Москва, стр. 6.). Такім спосабам, для рэакцыйных людзей Масквы Мураўёў быў другім Кутузавым, што ратаваў «матушку Россию» ад польскай крамолы, ад «инородческого засилия».

Узмацненьню рускага рэакцыйнага нацыяналізму садзейнічаў той факт, што чужаземныя дзяржавы, пад уплывам польскай белай эміграцыі, выражалі гатоўнасьць стаць на абарону паўстаўшай Польшчы і ўмяшацца ў хатнія справы імпэрыі. Утварылася ультра-руская партыя, каторая вышла з славянафільскіх кругоў. На чале партыі стаяў вядомы рэтроград таго часу, маскоўскі мітрополіт Філарэт. Ідэёвым правадыром і папулярызатарам партыі ў прэсе быў Каткоў. У партыю ўваходзілі такія асобы, як І. Аксакаў, Гільфэрдынг, Пагодзін, Леонцьеў і інш. Мураўёў быў як-бы штандарам партыі, каторы яна трымала ў сваіх руках. Партыю падтрымлівалі чыноўніцкія, ваенныя і абываталь