Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

замясьціць рускімі ураднікамі, а іншыя пасады замяшчаць рускімі паступова; 3) паставіць у строгі абавязак усім міністэрствам выканаць гэтыя мерапрыемствы камандыраваньнем з Расіі ураднікаў, політычна пэўных, і прыпыніць усялякія ў гэтых адносінах спрэчкі паміж сабою, як гэта часта здараецца цяпер з боку некаторых ведамстваў; 4) засяляць край рускім жыхарствам як мага гусьцей. Рабіць гэтае засяленьне, ня ўхіляючы і старавераў, бо яны больш за другіх захоўваюць рускую народнасьць».

Прыгавор рэволюцыйнага трыбуналу Дамайку і паведамленьне аб яго выпаўненьні.

Праграма русыфікацыі, зьмешчаная ў запісцы, была зацьверджана і прынята да выкананьня. Рэалізацыя програмы стала праводзіцца па- мураўёўску—шляхам гвалтаў і тэрору.

Калі мы чытаем дакладную запіску Мурауёва, то бачым, што русыфікацыя павінна датычыць палякоў, польскай мовы і наогул польскай культуры, але трэба зазначыць, што фактычна яна найбольш ударыла па беларусу і па беларускай культуры. Паляк на Беларусі быў у пераважнай большасьці земляўласьнікам-шляхціцам, і для яго, з экономічнымі сродкамі і шырокімі сувязямі, закон быў ня пісан. Дзе хабарам, дзе пратэкцыяй, дзе суцяжніцкімі выкрутасамі шляхціц меў магчымасьць вылезьці сухім з вады, тым больш, што рускі ураднік таго часу глядзеў на закон, як сродак нелегальнага заработку. Ня тое было з беларусам, каторы ў сваёй масе быў земляробам ці чорнарабочым, толькі зрэдка падымаючыся да дробна-памеснай, фальварковай шляхты. Яго русыфікацыя зацёрла, прыгняла і пазбавіла ўсякага ходу. Ня было чым адкупіцца ад наскокаў панасыланых з Вялікарусі ураднікаў і ня было каму паскардзіцца. Тое самае было і з культураю. Моцная польская культура, каторая мела на чале шляхецкую інтэлігэнцыю, не баялася мураўёўскай, даволі прымітыўнай русіфікацыі. Беларуская-ж культура, каторую гналі з канца XVII ст. і каторая была прадстаўлена амаль што аднымі сялянамі і чорнарабочымі,