Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

крови» ісьці «в стан погибающих за великое дело любви»—Некрасаў таксама зьнізіўся да дыфірамбаў на пачэсту вешальніка-Мураўёва. У красавіку 1866 г. ангельскі клюб у Маскве даваў урачысты абед у пачэсту Мураўёва. Пасьля абеду, калі госьці разышліся па пакоях клюбу піць каву, да гуртка, у каторым быў Мураўёў, падышоў Некрасаў і прачытаў свой верш, прысьвечаны вешальніку. Мы прыводзім тэкст вершу ў тэй рэдакцыі, каторую перадае «Русский архив» (1885 г. т. ІІ).

Бокал заздравный поднимая,
Ещё раз выпить нам пора
Здоровье миротворца края…
Так много ж лет ему… Ура!
Мятеж прошёл, крамола ляжет,
В Литве и Жмуди мир взойдёт;
Тогда и самый враг твой скажет:
Велик твой подвиг… и вздохнёт.
Вздохнёт, что, ставши сумасбродом,
Забыв присягу, свой позор,
Затеял с доблестным народом
Поднять давно решённый спор.
Пускай клеймят тебя позором
Надменный Запад и враги;
Ты мощен Ру́си приговором,
Ея ты славу береги!
Нет, не помогут им усилья
Подземных их крамольных сил.
Зри! Над тобой, простёрши крылья,
Парит архангел Михаил!

Гэты пэрл творчасьці Некрасава пачынаецца «бокалом», пакрашаецца «крамолай» і «прысягай», а канчаецца «архангелом Михаилом». Далей гэтага, здаецца, ужо няма куды ісьці. І гэта піша сын палячкі. Праўда, паводле некаторых зьвестак магчыма думаць, што вышэйпаданы верш ня ёсьць запраўдны верш, прачытаны Некрасавым вешальніку-Мураўёву. «Московские Ведомости» (ад 20, IV, 1866 г.) вызначаюць, што верш Некрасава канчаўся словамі: «виновных не щади». Апроч таго, і сам Некрасаў казаў у свае часы, што яго застольны верш меў 12, а ня 20 радкоў, як гэта відаць з вышэйпаданага. Але нават К. Чукоўскі, каторы задаўся мэтаю апраўдаць Некрасава, кажа: «Здаецца, што той (запраўдны) верш быў ня лепшы, але яшчэ горшы за гэты (вышэйпаданы), і Некрасаў выявіўся ў ім яшчэ большым здраднікам у вадносінах да сваіх перакананьняў» (К. Чуковский. Поэт и палач. Петербург. 1922, стр. 11).