Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ючы над Літвою беларуская абшары. «Сёмага (20) красавіка 1864 г., у дзень кары Каліноўскага была ясная халодная раніца. Каліноўскі шоў на кару цьвёрдаю, сьмелаю стапою. Прышоўшы на Лукіскі пляц, ён стаў тварам да шыбеніцы і толькі часам кідаў погляд на далёкі натоўп. Перад самым павешаньнем, калі да Каліноўскага зьвярнуўся ксёндз затым, каб зрабіць споведзь і празваў яго шляхціцам, Каліноўскі груба яму адказаў: «у нас няма шляхты, у нас усе роўныя». (Кастусь Каліноўскі. «Савецкая Беларусь». № 8602, IV, 1923 г.).

Кару сьмерцю Кастуся Каліноўскага магчыма лічыць астатнім яскравым эпізодам паўстаньня 1863 г. Паўстаньне прыпынілася. Мураўёў быў абвешчан рускім гэроем, катораму офіцыяльныя пісакі самаўладзтва курылі ладан, як маглі. У гэтай справе некаторыя з іх даходзілі да вышэйшай віртуознасьці. Вось для прыкладу адзін вынятак з тагочаснай «патрыотычнай літаратуры» аб Мураўеве. «С моей точки зрения он (Муравьев) заслуживает еще при жизни памятника на счет поляков за то добро, которое он им сделал, энергично и быстро подавивши мятеж» (И. Митропольский. Повстание в Гродне 1863-4 г.г. Русский архив, 1895 г.; № 1, стр. 138). Аўтар забыўся толькі прылучыць да палякоў беларусаў, лічачы, відаць, іх надта беднымі для такой дарагой, справы, як пастаноўка помніка.

Цікава тое, што нават вядомы поэта «печали и гнева», каторы клікаў моладзь «от ликующих, праздно болтающих, умывающих руки в