Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

комітэту (Каліноўскі, Малахоўскі), часткаю выбываюць самі па сабе (Зьвірждоўскі) і замяняюцца белымі. Чырвоныя, што засталіся, бялеюць пад ўплывам белай Варшавы. Каліноўскі з таварышамі, каб пад мацавацца, уступаюць у зносіны з чырвонаю групаю цэнтральнага ураду.

Перамозе белых як у цэнтры, так і на Беларусі, памагло тое, што на старану белых перадалася моцная «Цэнтральная польская організацыя» ў Петраградзе, каторая да вясны 1863 г. лічыла сябе чырвонаю. На чале польскай арганізацыі ў Расіі стаяў штабс-капітан акадэміі гэнэральнага штабу Зыгмунт Серакоўскі, яго памочнікам быў віцэ-дырэктар дэпартамэнту неабкладных збораў, Ёзафат Агрызка. Організацыя мела вялікія сродкі і шырокія сувязі з рэволюцыйнымі коламі ў Расіі. Шмат хто з яе сяброў займалі вельмі высокія вайсковыя і цывільныя пасады. Дзякуючы гэтаму, організацыя мела магчымасьць выведваць політычныя і стратэгічныя сакрэты і адводзіць ад сябе памысьленьне ў політычнай няпэўнасьці. Гурткі арганізацыі была параскіданы па губэрскіх і павятовых гарадох Расіі. Асабліва многалюднымі і добра організованымі былі польскія гурткі ў Маскве, Кіеве, Казані. Усе гурткі вялі акуратныя зносіны паміж сабою, з Пецярбургам, з Вільняю, Варшаваю і Парыжам. Былі ўстаноўлены арганізацыйныя сувязі з рускімі падпольнымі організацыямі, каторыя зьвязваліся з польскімі гурткамі, як опозыцыйнымі і рэволюцыйнымі, не ўглядаючыся ў іх соцыяльныя запатрабаваньні і соцыяльны склад сяброў.

Пасьля перагавораў з Варшаваю, Вільняю і Парыжам польская організацыя ў Расіі ўвашла ў контакт з белымі. Апіраючыся на яе, белыя і ў Польшчы, і на Беларусі пачалі граць на першых скрыпках. Каліноўскі і Малахоўскі ў Вільні прымушаны былі ўхіліцца ад удзелу ў дзейнасьці комітэту. Яны абодва пакіраваліся тады ў Горадзеншчыну, куды Каліноўскі быў назначан камісарам. Што датычыць да Малахоўскага, то ён праз нейкі час быў назначан памочнікам начальніка Вільні.

У сакавіку 1863 году ў Вільню ад пецярбурскай польскай арганізацыі прыехаў Серакоўскі. Разам з белым комітэтам, ён апрацаваў плян паўстаньня на Беларусі. Першаю мэтаю было пастаўлена заняць крэпасьць Дзьвінск. Прапанавалася для гэтай мэты ўвясьці ў горад і крэпасьць паўстанцаў у постаці рабочых, каторыя як-бы прышлі туды для будоўлі дзьвінскага косьцелу. Потым на ўсходзе Беларусі павінны былі быць заняты Горы-Горкі, дзе трэба было сабраць усіх паўстанцаў Магілёўшчыны і, разам з імі, захапіць Магілеўскі артылерыйскі парк. Паўстанцкі штаб з галоўнейшымі сіламі павінен абсесьціся ў Казёншчыне. Тут будзе працаваць Серакоўскі разам з выдатным ксяндзом-партызанам Мацкевічам. У лясох Ковеншчыны будзе організован пастаянны набор паўстанцаў і будзе формавацца армія для паўстаньня на Літве і Беларусі.