Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мы ня можам судзіць аб тым, добра ці ня добра быў распрацован плян Серакоўскага. Вядома толькі, што выканаць яго не ўдалося. Справу ў Дзьвінску сапсаваў Плятэр, каторы, не паразумеўшыся з загаворшчыкамі ў горадзе і крэпасьці, зрабіў напад на транспорт з зброяю каля Краслаўкі і пакіраваўся на Дзьвінск. Тут ён быў адбіт, паранен, узяты ў палон і пасаджан у турму. Пры дапросах быў выкрыт плян заняцьця крэпасьці, і добра падгатаваны загавор, у каторым прымала уздел нават мясцовая жандармэрыя, праваліўся. У Горы-Горках паўстанцы спачатку мелі пасьпех. Пры чынным удзеле студэнтаў Горацкага земляробскага інстытуту ў ноч з 5 на б траўня паўстанцы ўзялі горад, абабралі скарбовую касу ды рушылі да Магілёва. Мясцовае сялянства, бачачы ў паўстанцах прыгоншчыкаў-паноў, ня стала на іх бок. Сяляне сачылі за атрадам паўстанцаў і праз нейкі час, разам з рускімі салдатамі, абкружылі яго і захапілі ў палон. У Ковеншчыне пачаў справу сам Серакоўскі пад псэўдонімам Даленгі, маючы званьне ваяводы Літоўскага і Ковенскага. Ён спадзяваўся, што да яго пойдзе народ дзесяткамі тысяч, але ў самай рэчы яму ўдалося набраць атрад каля 2.000 паўстанцаў. Праўда, трэба сказаць, што атрад быў добра ўзброен і абучан. Шмат дапамог Серакоўскаму выдатны партызан, ксёндз Мацкевіч, каторы скарыстаў фанатычна-каталіцкі настрой мясцовага жыхарства і выгодную для партызаншчыны мясцовасьць краю. Атрад меў некалькі ўдалых стычак з урадавымі часьцямі. У красавіку ён спаткаўся з рускім генэралам Ганецкім. Адна за аднэй (25, 26 і 27 красавіка) адбыліся тры бітвы. Паўстанцы былі разьбіты. Сам Серакоўскі быў паранен куляю ў грудзі навылет, узят у палон і пасаджан у турму. Мацкевіч сабраў рэшткі паўстанцаў, папоўніў атрад новымі сіламі і доўга яшчэ выступаў у Ковеншчыне. З некаторых фактаў мы можам думаць, што потым ён увашоў у зносіны з чырвонымі і прыняў соцыяльную іх праграму.

Няўдачы белых высунулі зноў да справы чырвоных. Хутка злажыўся зноў чырвоны урад, каторы назначыў Каліноўскага дыктатарам Літвы і Беларусі. Але было ўжо запозна. Сялянства, бачачы столькі