Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён офіцыйна быў аддзелам Варшаўскага цэнтру, але, трэба сказаць, далёка не заўсёды прызнаваў сваю поўную залежнасьць ад польскага жонду. Цэнтрам паўстаньня на Літве і Беларусі была Вільня. Прыметы паўстанцкага руху пачалі вызначацца яшчэ з канца 50-х год. Пачала пашырацца агітацыйная паўстанцкая літаратура як у польскай, так і ў беларускай мове. Гэтая літаратура прызначалася спэцыяльна для беларускага селяніна і выдавалася як белымі, так і чырвонымі. У Беластоку для гэтай мэты была наладжана патайная друкарня. Было выдана 9 нумароў часопісі для сялян—«Мужыцкая Праўда». Пашыраліся брошуры—«Гутарка старога дзеда», «Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра» і г. д. Літаратура кліча селяніна ў паўстаньне, гаворачы аб тым, што з маскалём селяніну дабра ня будзе, што толькі ў адбудаванай нанава Рэчы Паспалітай ён будзе вольным і роўным з панамі. З 1861 году ў гарадох Беларусі сталі адбывацца вулічныя патрыотычныя маніфэстацыі. У касьцёлах натаўп, наэлектрызаваны ксяндзамі, сьпяваў гімны рэлігійна-патрыотычнага зьместу. Гімны былі ператлумачаны пабеларуску і прыстасованы да Літвы і Беларусі. Мужчыны пачалі насіць конфэдэраткі, кунтушы і чамаркі, а кабеты— жалобныя вопраткі, каторыя павінны былі сьведчыць аб жалобе па прыгнечанай бацькаўшчыне. Зьявілася шмат усялякіх патрыотычных эмблем, як, напрыклад, белы арол, пагоня, паломаны крыж у кайданах ці вянку і г. д.

Паўстанцы і патаемны ўрад Літвы і Беларусі, як і ў Польшчы, адразу распадаюцца на белых і чырвоных. Да белых належыць беларускае магнацтва і панства. Яны глядзяць на паўстаньне вачыма польскіх земляўласьнікаў. Іх цягне да сябе белая Варшава. На Беларусі ў іх няма ніякай апоры, бо сялянскія беларускія масы ў адносінах да іх настроены воража. Што датычыць да чырвоных, то яны шукаюць апоры ў беларускіх сялянскіх гушчах, каторым яны прапануюць даць зямлю, волю ў шырэйшым разьмеры, чым гэта зрабіла царская Расія. Іх ня цягне да сябе Варшава. У той час, як белыя лічаць віленскі урад падлеглым цэнтральнаму жонду Варшавы, чырвоныя не згаджаюцца паддаць рэволюцыю ў Літве і Беларусі інтарэсам Варшавы. Ім не патрэбна ні шляхецкая Польшча, ні царска-дваранская Расія. Яны змагаюцца за перамогу «мужыцкай праўды» на Беларусі, каторую разам з імі павінны бараніць і самі мужыкі. «Дзяцюкі! Жывучы пад жондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, але мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзявацца чаго-небудзь для нас альбо дзяцей нашых. Я, дзяцюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаць пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі. Чалавек такую мае натуру, што калі даведаецца, то хоча зразумеці добра