Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і дастаці ўсяго, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а чы сягоньня гэтак скажуць, калі ўжо ведаюць многа і многа хочуць. Сягоньня ўсе ўжо паразумнелі, усе ўжо мужыкі талкуюць, што бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасьці справядлівай, і сьмяюцца, як маглі інакш думаць. Мы сягоньня ўжо ведаем, што чалавек вольны тады, калі мае кавалак сваёй зямлі, за каторую ані чыншу і аброку ня плаціць, ані паншчыны ня служыць... Няма чаго чакаць ад нікога, бо ўжне толькі той, хто пасее. Так сейце-ж, дзяцюкі, поўнаю рукою, не шкадуйце працы, каб мужык быў чалавекам вольным, як на цалюськім сьвеце» («Мужыцкая Праўда» № З).

Селянін на Беларусі прыгнятаецца ня толькі рускім царызмам, але і польскім панствам. Адсюль чырвоныя мэханічна павінны былі перайсьці да процівапастаўленьня ня толькі соцыяльных, але і нацыянальных інтарэсаў беларускага працоўнага народу нацыянальным інтарэсам польскага панства і рускага самаўладзтва. Яны поруч з соцыяльным вызваленьнем беларускага селяніна ад пана-паляка і рускага цара, ставяць сваёю мэтаю політычнае і культурнае вызваленьне «мужыцкай» Беларусі ад Расіі і Польшчы. Само сабой зразумела, што нязгода паміж чырвонымі на Беларусі яшчэ мацнейшая, чым у Польшчы. Там яны расходзяцца паміж сабою ў соцыяльным пытаньні, а на Беларусі, апроч соцыяльных расходзін паміж чырвонымі і белымі, ідуць спрэчкі па політычных і нацыянальных пытаньнях. Утвараецца вельмі заблутаная сытуацыя. Паўстанец 1863 году збройна выступае проціў расійскага самаўладзтва, але гэты паўстанец рэзка разьбіўся на дзьве, зусім непадобныя адна на другую, палавіны. Белыя на Беларусі, як гаварылася ўжо вышэй, былі прадстаўлены «зубрамі»-магнатамі. Самую выдатную ролю сярод іх гралі такіія буйныя землеўласьнікі, як горадзенскі губэрскі маршалак шляхты Старжынскі, менскі губэрскі маршалак шляхты Лапа, менскі пан Аскерка, князь Мікалай Гедройц, А. Еленскі і інш. На чале справы стаяў Старжынскі, чалавек хітры, лоўкі; ён меў шырокія сувязі як з мясцовым магнацтвам, так і з магнацкай замежнай эміграцыяй. Гэта—выразны прыгоншчык, каторы, ня гледзячы на сваю політычную апозыцыю ў адносінах да рускага ураду, разам з ім душыў сваіх сялян. У 1861 годзе сялянства ў яго маёнтках у Беластоцкім павеце, пачуўшы аб волі, папрабавалі не пайсьці на паншчыну. Старжынскі тады адразу вытрабаваў з Горадні рускую вайсковую сілу, каторая пакарала сялян. Адсюль ясна, як сялянства потым, у 1863 годзе, падтрымлівала такога паўстанца.

Чырвоныя складаліся з дробнай зьбяднелай шляхты, студэнтаў, вучняў, рамесьнікаў. Вакол іх групавалася больш сьвядомае сялянства.