Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

апублікавана амністыя ўсім паляком, каторыя былі сасланы ў Сібір і другія мясцовасьці імпэрыі за ўдзел у паўстаньні 1831 году. Было дазволена выдаваць творы поэты Міцкевіча, каторыя дагэтуль былі забаронены цэнзураю. У Варшаве была адчынена мэдыцынская акадэмія, каторая адразу пачала групаваць наўкол сябе патрыотычна-настроеную моладзь. У Варшаве-ж было адчынена земляробскае таварыства, каторае аб'яднала ўсю шляхту Польшчы. На чале таварыства стаў вельмі популярны ў польскіх шляхецкіх колах Андрэй Замойскі.

Дзякуючы ўсім гэтым палёгкам, сярод польскай арыстакратыі ўтвараецца група, каторая ставіць сабе за мэту аб'яднаньне польскіх інтарэсаў з інтарэсамі Расіі. На чале групы становіцца Белапольскі. Ён і яго аднамысьленьнікі трымаюцца кансэрватыўных поглядаў, каторыя магчыма сформуляваць так: лепш ісьці з рускім урадам, чым з польскімі рэволюцыянэрамі-якобінцамі. На думку гэтай групы, Польшча павінна ўваходзіць у склад Расійскай імпэрыі, як аўтонамная адзінка. Белапольскі, разам з Любенскім, Губэ, Сьвідзінскім і др., апрацоўвае проэкт самакіраваньня Польшчы, каторы падае рускаму ўраду. На аснове проэкту рускі ўрад праводзіць у Польшчы рэформу 27 сакавіка 1861 году. На чале краю стаіць Рада стану каралеўства, якая складаецца з выдатнейшых сьвецкіх і духоўных саноўнікаў; такія-ж Рады ўтвараюцца ў месьце Варшаве, другіх галоўнейшых гарадох і ў губэрнях Польшчы. Рада стану кіруе праз комісію народнай асьветы і камісію адміністрацыйную. Велепольскі становіцца на чале комісіі народнай асьветы. Рэформа не здавальняе польскіх патрыотаў. Варожы настрой у Польшчы да рускага ўраду не зьмяншаецца.

Рух у Польшчы пачынаецца з маніфэстацый і канчаецца аружным паўстаньнем. Першая маніфэстацыя ў Варшаве адбылася яшчэ 10 ліпеня 1860 году ў сувязі з хаўтурамі ўдавы Савінскага, дзеяча паўстаньня 1831 году. Потым маніфэстацыі ідуць адна па другой, часта канчаючыся забойствамі. На Беларусі рух пачаўся пазьней. Першы раз засьпявалі рэволюцыйныя песьні ў касьцеле ў Вільні 8 траўня 1861 году; першая маніфэстацыя адбылася ў Вільні на Пагулянцы 18 верасьня 1861 году. Першая збройная група была прыкмечана каля Вільні ў мястэчку Берштанах 21 ліпеня 1862 году. Збройнае паўстаньне ў Польшчы пачалося ў ноч з 10 на 11 студзеня 1863 году. На Беларусь яно перакінулася праз два месяцы, а ўжо з канца 1862 году існуе ў Вільні рэволюцыйны комітэт, каторы організуе на Літве і Беларусі паўстаньне.

На рух робіць вялікі ўплыў загранічная эміграцыя як польская, так і рэволюцыйная руская. Барацьба Італіі, што адбывалася ў гэты час за сваё аб'яднаньне і вызваленьне ад Аўстрыі, зварачае на сябе ўвагу і падтрымлівае рэволюцыйны настрой палякаў. Імя Гарыбальдзі, попу