Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апроч скарбовых і прыватнаўласьніцкіх сялян, рэформа 1861 г. закранула і другія групы дробнага вясковага жыхарства.

Ад часоў Рэчы Паспалітай на Беларусі існавала група так званых панцырных баяр. Гэтая пышная назва зусім не адпавядала свайму зьместу. Да панцырных баяр належала дробная шляхта, што дастала ў старыя часы зямельныя надзелы за шматгадовую вайсковую службу. З часам панцырнікі абяднелі, і іх надзелы мала чым розьніліся ад сялянскіх; апроч таго, яны прынялі дзейны ўдзел у паўстаньні і гэтым згубілі царскую ласку. У 1866 годзе асобным указам яны былі прыпісаны да сялян. Пазьней тыя з іх, каторыя з якіх-небудзь прычын зусім згубілі зямлю, былі прыпісаны да мяшчан гарадоў.

Апроч панцырных баяр, існавала яшчэ на Беларусі даволі значная група так званых аднадворцаў, каторая злажылася з зьбяднелае дробнае шляхты часоў Рэчы Паспалітай. Як і першая група, яны папалі пад няласку царскага ўраду. Пасьля рэформы 1861 году дашла чарга і да іх. Частка аднадворцаў па асобных загадах апынулася ў палажэньні звычайных скарбовых сялян, а частка абселася на прыватна-ўласьніцкіх землях, як арандатары, па зусім прыватнаму дагавору з землеўласьнікамі.

Вельмі добрую характарыстыку гэтай беларускай шляхты ў сялянстве дае Я. Лёсік у сваім артыкуле, зьмешчаным у зборніку «Беларусь», выданым у 1923 годзе («Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскай рэволюцыі», гл. стр. 101, 102, 103). Па соцыяльнаму стану былы шляхціц—той самы земляроб, што й селянін. Не падобен ён на селяніна хіба толькі тым, што жыве ня ў вёсцы, а ў засьценку ці на хутары. Апроч таго, ён памятае сваё мінулае шляхецтва ды трымаецца з гонарам. «Даўнейшыя прывілеі збліжалі шляхціца з панскім дваром, а гэта выгадавала ў ім некаторыя адзнакі пустой шляхецкай ганарлівасьці. Шляхціц ганарыцца сваім шляхецкім пахаджэньнем і неахвотна кампануе з сялянствам. А селянін, не знаходзячы ніякай соцыяльнай розьніцы паміж сабою і шляхціцам, стараецца пры здарэньні высьмеяць яго пустую шляхецкую заносьлівасьць і не далюблівае яго за ўгодлівасьць перад панам... Самы бедны шляхціц любіць у сьвята чыста адзецца, зьезьдзіць на кірмаш, пайсьці ў госьці да суседа. Селянін і тут стараецца высьмеяць яго зухаўство ды кажа на шляхціца: «На назе бот скрыпіць, а ў гаршчку трасца кіпіць». Большасьць шляхты трымаеца каталіцкага вызнаньня, як усе мясцовыя паны-земляўласьнікі, але ёсьць шляхта і грэцкага, праваслаўнага, вызнаньня» (стар. 103).

З часоў Рэчы Паспалітай на Беларусі існавала яшчэ група так званых вольных людзей. Яна складалася з самых рознастайных элемэнтаў. Сюды ўваходзілі быўшыя колёністыя, чужаземцы, што цьвёрда