Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На аснове рэформы выходзіла, што селянін да таго часу, пакуль ён ня выкупіць атрыманага ад пана надзелу, знаходзіцца ў адносінах да яго ў стане часоваабавязанага. На Беларусі найчасьцей яго абавязкі ў адносінах да пана складаліся з трох дзён паншчыны ў тыдзень мужчынскіх і двух у тыдзень—жаноцкіх. Паншчына часам, як і ў часы прыгону, замянялася аброкам, каторы ад 15 рублёў даходзіў да 22 рубл. у год. Польскае паўстаньне 1863 году прымусіла рускі урад скасаваць на Беларусі палажэньне часова-абавязаных сялян. Каб прыцягнуць у свой бок селяніна, урад абвясьціў яго зусім вольным ад паншчыны і аброку. Замест іх, з 1864 году селянін пачаў плаціць беспасрэдна ураду выкупныя плацяжы. Экономічная абавязковая сувязь яго з панам была скасована. З панамі меў справу рускі урад, каторы адразу заплаціў ім авансам па вельмі шчодрай расцэнцы выкуп за сялянскую зямлю даходнымі процантнымі паперамі. Што датычыць да «вызваленага» сялянства, то яно павінна было плаціць добрачынцу - ураду з лішкаю на працягу дзесяткаў год свой як-бы доўг выкупнымі штогоднымі плацяжамі. Дорага каштавала селяніну гэтая панска-царская ласка.