Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

1¼—1½ дзес. Жадаючы больш сялян пусьціць на жабрацкія надзелы, панства дапускала ўсялякія надужыцьці. Каб «угаварыць» сялян згадзіцца на дармавы надзел, найчасьцей пускалася ў абарот гарэлка; часам застрашвалі забітага беларускага селяніна ўсялякімі страхамі, а часам проста секлі лозамі. Так ці іначай на жабрацкі надзел было пасаджана шмат сялян. Апроч таго, трэба сказаць, што забясьпечаньне зямлёю не адносілася да дваровых людзей. Не гаворачы ўжо аб тым, што пан на Беларусі спакон веку меў у сваім двары вялікі штат дворні, ён перад рэформаю пастараўся яшчэ павялічыць гэты штат, каб пры вызваленьні пусьціць яе ў сьвет з «воўчаю» воляю. Таксама не атрымалі нормальных надзелаў тыя сяляне, каторыя былі ў дробных паноў, маёнткі каторых не перавышалі 75 дзесяцін. Калі прыняць пад увагу вялікі лік на Беларусі дробнай шляхты, то ясна, што і гэты факт утвараў шмат малазямельных і безьзямельных «вольных» сялян. Рэформа, такім спосабам, адразу ўтварыла на Беларусі вялікую лічбу ня толькі малазямельных, але і безьзямельных сялян, бабылёў, каторыя адразу злажылі вясковы пролетарыят і векавечных арандатараў скарбовых, царкоўных і прыватнаўласьніцкіх зямель.

Спосаб землекарыстаньня на ўсёй Беларусі да рэформы ўстанавіўся падворны, а не абшчынны. Рэформа, аставіўшы на захадзе Беларусі стары спосаб землякарыстаньня, на ўсходзе, у Магілёўшчыне і Віцебшчыне, увяла землякарыстаньне абшчыннае. На працягу далейшых часоў мы бачым, што сялянства Віцебска-магілёўскага раёну няўхільна прагнецца вызваліцца ад незнаёмых і чужых ім форм абшчыны і перайсьці да падворна-індывідуальнай гаспадаркі. Ня гледзячы на перашкоды, сялянам гэта ўдавалася часам паўлегальна, часам нелегальна. Абшчына была навязана рэформаю, але яна не адпавядала выпрацаваным з старыны поглядам сялян на іх зямельна-прававыя адносіны. За дзесяткі год сялянства Магілёўшчыны і Віцебшчыны не магло звыкнуць да мысьлі аб ураўненьні і перадзелах зямлі, што было нязгодна з старажытнымі прававымі нормамі Беларусі. Кожны селянін трымаўся сваіх атрыманых у спадчыну ад бацькоў палосак. Само сабою зразумела, што абшчына без ураўняльнага прынцыпу і перадзелаў была ў Віцебшчыне і Магілёўшчыне толькі юрыдычнай фікцыяй; фактычна і тут землякарыстаньне было падворным. Адсюль самі напрошваюцца некаторыя вывады, каторыя карысна адзначыць. Беларускі селянін з самага пачатку прырос да сваёй зямлі і зьяўляецца больш выразным уласьнікам, чым абшчыньнік-вялікарус, бо ніколі ня ведаў перадзелаў, каторыя былі і ёсьць звычайным зьявішчам на ўсходзе. Ён больш разьвінуў зямельную, вяскова-гаспадарчую культуру, чым селянін на Вялікарусі, але грамадзянскіх навыкаў і задаткаў колектывізму ён мае менш, чым селянін-абшчыньнік на Вялікарусі.