Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Літве і Беларусі. Тут на гаспадарку робіць уплыў заходні капіталізм, каторы яскрава вызначае ўсю некарыснасьць гаспадаркі, пабудаванай на сярэднявяковых фэадальных нормах.

Яшчэ ў 1857 годзе, па прыкладу мікалаеўскай эпохі, паводле загаду Аляксандра ІІ быў утворан Сакрэтны Комітэт для палепшаньня быту сялянства. Комітэт займаўся канцэлярскаю перапіскаю і пісаньнем усялякіх проэктаў. Якраз прыбыў у Петраград віленскі гэнэрал- губарнатар Назімаў, каторы прывёз з сабою проэкт вызваленьня сялян, апрацаваны панствам літоўскіх і беларускіх губэрань. Сэнс праекту зводзіўся да таго, каб аслабаніць зямлю ад сялян, чаго даўно дабівалася літоўскае і беларускае панства. Паны прапанавалі ўраду вызваліць сялян без зямлі, пусьціўшы іх на ўсе чатыры бакі, даць ім, гаворачы прасьцей, так званую воўчую волю. Проэкт праваляўся ў комітэце каля месяца, пераходзячы з аднаго пасяджэньня на другое, з аднэй канцэлярыі ў другую, пакуль не папаўся ў рукі цара.

Зразумела, што ўрад ня мог згадзіцца на пропозыцыю безьзямельнага вызваленьня. Воўчая воля была для царскага ўраду політычна небясьпечнай, бо, дзякуючы такому вызваленьню сялян, у імпэрыі зьявілася каля 22 міліёнаў беспакойных, неабседлых, рухавых пролетараў, каторыя пагражалі-б існаваньню самаўладнага ладу. Выбітыя з старой каляіны, незабясьпечаныя нават працай, як беспрацоўныя, яны былі-б тэю сухою саломаю, каторая пры самай маленькай іскрачцы дзе вялікае полымя.

У лістападзе 1857 году, у вадказ на пропозыцыю панства Літвы і Беларусі (Горадзенскай, Ковенскай і Віленскай губ.), быў выдан царскі рэскрыпт на імя віленскага гэнэрал-губарнатара Назімава. Паводле рэскрыпту дазваляецца вызваленьне толькі з зямлёю. За панамі прызнаецца права ўласнасьці на зямлю; сялянам даецца права выкупіць ва ўласнасьць усадзебную зямлю і атрымаць у карыстаньне палявую зямлю за аброк ці паншчыну. Што датычыць да колькасьці зямлі, то ў рэскрыпце сказана, што зямлі павінна хапіць «для належнага забясьпечаньня сялянскага быту і для выкананьня абавязкаў перад урадам і панам». Такая нявыразная формуліроўка колькасьці зямлі заўсёды давала перавагу пану, каторы вызначаў і даваў надзел селяніну. Рэскрыпт загадвае Назімаву злажыць у Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай губэрнях комітэты па справе вызваленьня сялян. Комітэты павінны апрацаваць проэкты вызваленьня і проэкты «положений» для вызваленых ужо сялян. Копіі з рэскрыпту былі разасланы ўсім губарнатарам і шляхецкім губэрскім маршалкам, што надало рэскрыпту агульнадзяржаўны сэнс. Некаторыя губэрнатары прынялі копіі з рэскрыпту як загады, і комітэты паступова пачалі ўтварацца ў розных губэрнях Вельмі хутка зьявіліся комітэты ў губэрнях—Менскай, Віцебскай і