Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

слушэнстве і чыняць ёй «дерзости». Дазнаньне поліцэйскіх улад, каторых мы ніяк ня можам западозрыць у спачуцьці сялянам, выяўляе, што бунт сялян выражаецца ў тым, што яны просяць сваю паню, каб яна дала ім магчымасьць працаваць на сябе два дні ў тыдзень. Адным словам, такія неабаснованыя скаргі паноў на сялян мы спатыкаем на кожным кроку: не дарма кажуць, што ў страха вочы вялікія.

Эканомічнае разьвіцьцё краю, тымчасам, патрабуе вызваленьня сялян. Прыкмячаюцца пагражаючыя сымптомы з розных бакоў. Статыстыка вызначае, што прыгон вядзе сялянскія масы да фізычнага выраджэньня з кожным годам зьмяншаецца прыродны прырост сялянскай люднасьці. У 1830 годзе прыгоннае сялянства складае 45 проц. усяго насельніцтва імпэрыі; у 1852 годзе гэты процант спускаецца да лічбы 35. Процантна зьмяншаецца, такім спосабам, лік паднявольных рабочых рук, што зусім не карысна нават для прыгоннай гаспадаркі, каторая будуецца на гэтых руках. А тут яшчэ, побач з гэтым, выяўляецца ўся непродукцыйнасьць прыгоннай сялянскай працы і недаходнасьць прыгоннай гаспадаркі. Маёнткі паноў ува ўсерасійскім маштабе з кожным годам даюць усё менш і менш даходаў. З кожным годам усё больш і больш такіх маёнткаў, каторыя ўжо ня могуць стаяць на ўласных нагах. Зразумела, што яны патрабуюць на сваё ўтрыманьне скарбовых сродкаў замест таго, каб даваць даходы скарбу. Па дзесятай рэвізіі 1852 году ў Эўропэйскай Расіі лічыцца 103 тысячы прыватнаўласьніцкіх маёнткаў. Мы ведаем, што ў 1859 годзе 44 тысячы гэтых маёнткаў былі заложаны ў скарбовых банках. На заложаных маёнтках ляжаў значны на той час доўг лікам у 450 тысяч рублёў, што ў сярэднім на кожны заложаны маёнтак складае каля 10 тысяч рублёў. Калі-б палажэньне не зьмянілася, то ўсе маёнткі праз два-тры дзесяткі год папалі-б пад залог у скарб разам з усёю сваёю маёмасьцю, а ў тым ліку—і з сялянамі. Селянін такім спосабам з прыватнаўласьніцкага зрабіўся-б дзяржаўным бяз ніякай політычнай рэформы.

Як зазначалася раней, вызваленьне сялян было патрэбаю фабрычнай прамысловасьці. Фабрыка й завод патрабавалі прастору, патрабавалі вольных рабочых рук і пашырэньня ўнутранага рынку для сваіх тавараў. І першае, і другое не магло быць здаволена пры існаваньні прыгону над шматміліённым сялянствам. Моцна гаварылі аб патрэбе вызваленьня сялян і земляўласьнікі новага, прогрэсыўнага тыпу. Яны, апіраючыся на прынцып вызваленьня сялян, хочуць проста-на-праста пазбавіць самых сябе ад сялян, заставіць у сваіх руках зямлю, як вольны капітал, сагнаўшы з яе сялян. Такія прогрэсыўныя пажаданьні — пабудаваць вясковую гаспадарку не на фэўдальным, а на капіталістычным грунце—асабліва пашыраны на захадзе імпэрыі, у Польшчы,