Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Сто франкаў, — падумала Фантына, — Дзе-ж гэта такая краіна, у якой можна было-б зарабіць сто франкаў?“

І няшчасная пала канчаткова.

ХXІ

ЖАВЕР

Ва ўсіх маленькіх гарадках, а такім чынам і ў М., існуе асобы клас маладых людзей, якія ў правінцыі пражываюць за год тысяч пятнаццаць даходу з такаю-ж лёгкасцю, як і іх субраты ў Парыжы пражываюць сотні тысяч. Гэта паразіты, людзі, якія з'яўляюцца зусім бескарыснымі, але ўдаюць з сябе арыстакратыю і лічаць сябе дасціпнымі весельчакамі. Калі яны багаты, іх называюць франтамі; калі-ж збяднеюць, то называюць дармаедамі. Гэта проста-напроста поўныя нікчэмнасці, бязглуздыя, сумуючыя і бяздзейныя людзі.

Праз восем ці дзевяць месяцаў пасля толькі што расказанага намі, у першых чыслах студзеня 1823 года, адзін з такіх франтаў, старанна захутаны ў моднае паліто, забаўляўся праследваннем адной няшчаснай, якая брадзіла на холадзе перад вокнамі афіцэрскага кафэ ў бальнай сукенцы, з аголенай шыяй і з кветкамі на галаве. Кожны раз, калі жанчына праходзіла паўз яго, ён пускаў ёй у твар струмень дыму ад сваёй сігары і якую-небудзь заўвагу, якая яму здавалася надзвычайна дасціпнай і вясёлай, накшталт наступнага:

— Якая ты брыдкая! Табе-б лепш схавацца! Ты бяззубая!

Жанчына, якая нібы здань брадзіла ўзад і наперад па пакрытай снегам вуліцы, нічога яму не адказвала, нават не глядзела на яго, і па-ранейшаму праз правільныя прамежкі часу праходзіла міма, падупадаючы пад яго насмешкі, як салдат, якога праганяюць скрозь строй ударамі розаг. Як відаць, гэта не зусім задавальняла маладога чалавека, таму што, выбраўшы хвіліну, калі жанчына павярнулася да яго спіной, ён паціхеньку, ледзь стрымліваючыся ад смеху, пайшоў ззаду яе, нагнуўся, падняў прыгаршчы снегу з бруку і паспешна засунуў ёй яго за спіну паміж лапатак. Жанчына страшна закрычала, абярнулася і, як пантэра, кінулася на абразіўшага яе. Яна ўчапілася пазногцямі яму ў твар, выліваючы цэлую раку самай брыдкай лаянкі. Яна выкрыквала словы лаянкі ахрыплым ад гарэлкі голасам, прычым яны з шыпеннем выляталі з вуснаў, таму што ў жанчыны не было пярэдніх зубоў. Гэтая няшчасная была Фантына.

На шум з кафе выскачылі афіцэры, сабраўся натоўп, і гледачы ўтварылі сабе сапраўдны спектакль з гэтай бойкі,