Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— О, у дзяцей у асаблівасці.

— А паміраюць ад яе?

— Яшчэ як!

Фантына яшчэ раз перачытала пісьмо.

Увечары яна вышла з дому і накіравалася на вуліцу, дзе стаяла гасцініца.

На другую раніцу, калі старая ўвайшла ў каморку Фантыны, каб разбудзіць яе, яна застала яе сядзячай ва пасцелі, бледную і дрыготную, як у ліхарадцы. Яна не клалася спаць. Чэпчык зваліўся ў яе з галавы. Свечка гарэла ўсю ноч і амаль дагарэла ўся.

Старая спынілася на парозе і пляснула рукамі.

— А божа мой! Свечка-ж уся дагарэла! Што такое здарылася? — ускрыкнула яна.

Зірнуўшы на Фантыну, якая, здавалася, пастарэла на дзесяць год, яна зноў ускрыкнула:

— Што з вамі, Фантына?

— Нічога, — адказвала Фантына. — Наадварот, я задаволена. Маё дзіця не памрэ цяпёр ад гэтай хваробы, таму што ў яго будуць лякарствы.

І з гэтымі словамі яна паказала старой на дзве залатыя манеты, якія ляжалі на стале.

— Божачка! Адкуль у вас такое багацце?

— Я яго здабыла — адказала Фантына і ўсміхнулася.

Свечка асвятляла яе твар. Усмешка была крывавая.

Крывяністая сліна паказалася ў кутках губ і ў роце зіяла чорная дзірка на месцы двух пярэдніх разцоў. Зубы былі вырваны.

Сорак франкаў яна паслала ў Манфермейль.

У сапраўднасці з боку Тэнард'е гэта была хітрасць, каб толькі атрымаць грошы. Казета і не думала хварэць.

Фантына выкінула люстра. Яна жыла цяпер у мансардзе, пад самым дахам. Яна спала на падлозе, так-сяк, таму што пасцелі ў яе не было ўжо даўно. Яна хадзіла амаль ў лахманах і мала звяртала ўвагі на сваё адзенне. Крэдытары назалялі, як і раней. Яны лавілі яе, дзе толькі маглі. Яна плакала ночы навылет. Вочы яе ліхарадкава блішчэлі, кашаль разбіваў грудзі. Яна глыбока ненавідзела бацьку Мадлена, але не скардзілася і шыла семнаццаць гадзін у дзень. Яе цкавалі з усіх бакоў, і яна адчувала, што ў ёй развіваюцца іястынкты дзікага звера. Разам з тым Тэнард'е зноў пачалі пісаць, што калі яна не прышле адразу-ж сто франкаў, то яны выкінуць Казету на вуліцу. А паколькі яна толькі пачала папраўляцца, то зноў прастудзіцца і акалее дзе-небудзь на дарозе, а яны больш утрымліваць яе не могуць.