Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бо гучна рагаталі і апладыравалі. Франт, павалены Фантынай на зямлю, барахтаўся ў снезе без капелюша, у падраным адзенні: яна-ж калаціла яго, шта было сілы, кулакамі і нагамі, са скажоным ад ярасці тварам, з растрапанымі кароткімі валасамі, пасінелая ад холаду, страшная.

Раптам чалавек высокага росту вышаў з натоўпу, схапіў жанчыну за сукенку, упэцканую гразёю, і сказаў ёй:

— Ідзі за мной!

Жанчына падняла галаву. Абураны голас адразу перарваўся. Вочы зблеклі, з пасінелай яна зрабілася мярцвяна-бледнай і здрыганулася ад жаху.

Яна пазнала Жавера.

Франт тым часам улепятнуў.

Жавер расштурхаў натоўп і вялікімі крокамі накіраваўся да паліцэйскага бюро, цягнучы за сабою няшчасную палонную. Яна бессвядома скаралася. Ні ён, ні яна не праказалі ні слова. Натоўп цікаўных з вясёлымі жартамі ішоў за імі. Вышэйшая ступень знявагі часта служыць прадметам вяселля.

Дайшоўшы да паліцэйскага бюро, якое змяшчалася ў велізарным нізкім пакоі з шклянымі дзвярыма, што былі акуты рашоткай і выходзілі на вуліцу, Жавер увайшоў туды з Фантынай і зачыніў дзверы перад самым носам расчараваных гледачоў, якія тым не менш стараліся разгледзець, што адбывалася ў пакоі, праз мутнае аконнае шкло. Цікаўнасць — гэта свайго роду абжорства. Глядзець часам усёроўна, што пажыраць.

Увайшоўшы ў пакой, Фантына, знясіленая і нерухомая, прытулілася ў кутку, як палахлівае шчанё. Дзяжурны салдат прынёс запаленую свечку і паставіў яе на стол. Жавер сеў, выхапіў з кішэні ліст гербавай паперы і пачаў пісаць.

Гэты клас жанчын, па нашых законах, знаходзіцца ў бескантрольнай уладзе паліцыі. Яна робіць з імі ўсё, што ёй спадабаецца, карае іх, як знойдзе патрэбным, і па свайму погляду канфіскуе іх асобу і волю. Жавер быў цалкам спакойны. Яго сур'ёзны твар не выдаваў ніякага душэўнага хвалявання. Гэта быў момант, калі ён самастойна, але з поўнай добрасумленнасцю рыхтаваўся скарыстаць сваю страшную ўладу. Ён адчуваў у такія хвіліны, што паліцэйская табурэтка ператвараецца ў судзейскае крэсла. Ён судзіў. Ён судзіў і абвінавачваў. Чым больш задумваўся ён над учынкам, зробленым гэтай жанчынай, тым больш ён абураўся супроць яго. Было відавочна, што ў яго вачах зроблена злачынства. Перад ім, на вуліцы, член грамадства быў абражаны і на яго зрабіла напад распусная жанчына — істота, якая стаіць