Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

плюшчыла вочы, такія-ж вялікія і блакітныя, як у маці. Потым дзяўчынка ўсміхнулася, падняла галоўку і спаўзла з рук на зямлю. Раптам яна заўважыла двух іншых дзяцей на гушкалцы, падбегла да іх і спынілася, высунуўшы язык ад радасці.

Маці Тэнард'е зняла абодвух дзяўчынак з гушкалкі і сказала:

— Гуляйце ўсе разам.

Праз хвіліну тры дзяўчынкі корпаліся ўжо ў пяску, нібы заўсёды былі прыяцелькамі.

Маленькая госця была вельмі вясёлая. Абедзве маці гутарылі далей.

— Як завуць вашу малютку?

— Казетай.

— Колькі ёй год?

— Хутка тры гады.

— Амаль равесніца маёй старэйшай дзяўчынцы.

Між тым дзеці весела гулялі. Іх галоўкі амаль судакраналіся адна з адной, і валасы змешваліся. Яны штосьці ўважліва разглядалі на зямлі.

— Як дзеці хутка знаёмяцца, — заўважыла шынкарка. — Паглядзіце, яны гуляюць, нібы тры сястры!

Гэтая заўвага была іскрой, якой чакала, напэўна другая маці. Яна схапіла руку Тэнард'е, пільна паглядзела на яе і сказала:

— Хочаце пакінуць у сябе маё дзіця?

Суразмоўніца зрабіла здзіўлены рух, які аднолькава можна было прыняць і за адмову, і за згоду. Маці Казеты, між тым, казала далей:

— Бачыце, я не магу ўзяць сваю дзяўчынку з сабой. Праца не дазваляе гэтага. Ну, хто захоча мяне ўзяць на месца з дзіцем? Яны такія смешныя там, на маёй радзіме. Сам бог прыслаў мяне да вас. Калі я ўбачыла вашых дзяцей, такіх чароўных, такіх здаровых, я сказала сабе: вось цудоўная маці. Яны і сапраўды будуць трыма сёстрамі. Да таго-ж, я хутка вярнуся па яе. Ці хочаце пакінуць да часу ў сябе маё дзіця?

— Трэба будзе пра гэта падумаць, — адказала шынкарка.

— Я буду плаціць шэсць франкаў у месяц.

У гэтую хвіліну з пакоя пачуўся мужчынскі голас:

— Меней сямі ніяк нельга. І за поўгода наперад.

— Гэта будзе сорак два франкі, — сказала жанчына.

— Я згодна, — адказала Фантына.

— І, апрача таго, яшчэ пятнаццаць франкаў на першыя расходы, — дадаў той-жа голас.