Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Разам пяцьдзесят сем франкаў, — сказала шынкарка.

— Я вам іх заплачу; у мяне восемдзесят франкаў: мне хопіць астатняга каб дайсці пехатою дадому. Там я зараблю грошы і адразу-ж прыду па свой скарб.

— А ці ёсць у дзяўчынкі гардэроб? — запытаў зноў мужчынскі голас.

— Гэта мой муж,— сказала шынкарка.

— Вядома ёсць. Я здагадалася, што гэта, напэўна, ваш муж. У яе багаты пасаг, усяго па тузіну, і нават ёсць шаўковыя сукеначкі, як у важнай дамы. Усё гэта ў маім мяшку.

— Гэта ўсё трэба будзе пакінуць тут, — сказаў шынкар.

— Вядома, я пакіну!— адказвала маці. — Няўжо-ж я здала-б яе вам ледзь не голенькую?

Гаспадар паказаўся на парозе дзвярэй.

— Ну, добра — праказаў ён.

Гандаль адбыўся. Маці пераначавала ў шынку, заплаціла грошы, выпаражніла свой мяшок і на другі дзень раніцою пайшла, разлічваючы хутка вярнуцца назад.

Адна з суседак Тэнард'е сустрэла Фантыну, калі яна ішла з шынка. Прышоўшы да іх, яна сказала.

— Я бачыла якуюсьці жанчыну, якая так плакала сярод вуліцы, што ажно надарвала мне сэрца.

Калі маці Казеты пайшла, муж сказаў жонцы:

— Вось цяпер я і заплачу сто дзесяць франкаў па вексалю, тэрмін якому заўтра. Мне якраз нехапала пяцідзесяці франкаў, а то-б нас, напэўна, апісалі. Ты зрабіла вельмі добрую справу з дзятвой.

— Сама таго не падазраваючы, — адказала жонка.

ХVІ

ЖАЎРАНАК

Злоўленая мышка была не асабліва тлустая, але кошка радуецца нават і худой здабычы.

Хто былі гэтыя Тэнард'е? Раскажам пакуль коратка. Падрабязнасці потым.

Яны належалі да катэгорыі людзей, якія стаяць паміж сярэднім і ніжэйшым класам, прычым злучалі ў сабе ўсе парокі першага і недахопы апошняга.

Гэта былі па натуры дробныя, якія пры спрыяючых умовах робяцца страшыдламі. У жонцы былі задаткі жывёлы, у мужу — зародак нягодніка. Абодва былі надзелены ў вышэйшай меры здольнасцю развівацца ў дрэнны бок. Існуюць душы, якія інстынктыўна рухаюцца ўвесь час да