Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пачаліся пакуты. Фантына адразу-ж згубіла сваіх лёгкадумных таварышак. Яна засталася зусім адзінокая, з дзіцём на руках. Сродкаў ніякіх. Яна была непісьменная і таму наняла пісца, які два ці тры разы напісаў ёй пісьмы да Таламіеса, якія аставаліся без адказу. Што рабіць? Яна не ведала, да каго звярнуцца. Тады ёй прышла думка вярнуцца на бацькаўшчыну: можа там памятаюць яе і дадуць якую-небудзь работу. У такім выпадку трэба ўтаіць мінулае. І сэрца яе сціснулася пры думцы аб неабходнасці разлучыца з дзіцём, але яна цвёрда вырашыла выканаць свой план.

Яна распрадала ўсё, што ў яе было, і выручыла дзвесце франкаў. Заплаціўшы дробныя даўгі, яна ўбачыла, што ў яе асталося восемдзесят франкаў, і ў адну вясеннюю раніцу, узяўшы сваю дзяўчынку на рукі, яна пакінула Парыж.

К вечару, як мы ўжо бачылі, яна была ў Манфермейлі, ля шынка Тэнард'е.

Убачыўшы двух маленькіх дзяўчынак, якія грацыёзна гушкаліся на ланцугу, яна спынілася. Яна глядзела на іх з трапяткім сэрцам. Прысутнасць гэтых двух ангелаў прадвяшчала ёй, здавалася, рай у гэтым месцы. Бясспрэчна, гэтыя малюткі шчаслівыя. Яна залюбавалася імі і не магла не сказаць іх маці:

— Якія ў вас чароўныя дзеці, сударыня!

Жанчына падняла галаву і падзякавала незнаёмай. Потым прапанавала ёй прысесці і сказала:

— Мяне завуць пані Тэнард'е. Мы трымаем гэты шынок.

Гэта была прысадзістая, рыжая і дужая жанчына. Сапраўдны салдат. Тым не менш у яе былі манерныя грымасы. Яна была яшчэ маладая: ёй не было трыццаці год. Калі падышла Фантына, яна сядзела на кортачках і, мабыць, калі-б яна тады ўстала на ногі і выпрасталася ва ўвесь рост, то гэта спалохала-б Фантыну і не здарылася-б таго, пра што мы зараз раскажам. І падумаеш, ад чаго часам залежыць лёс чалавека!

Падарожніца расказала сваю аповесць у крыху зменным выглядзе.

Яна была работніцай; муж яе памёр, работы ў Парыжы не стала, і яна пашла шукаць яе ў іншым месцы, на сваю родзіну. Вышла яна з Парыжа сёння раніцою пехатою. Паколькі яна амаль увесь час несла дзіця на руках, то страшэнна стамілася; праўда, дзяўчынка таксама ішла, але вельмі мала: малютка хутка стамілася, і зноў прышлося ўзяць яе на рукі; цяпер яна заснула.

І з гэтымі словамі яна пацалавала дзяўчынку. Дзіця рас-