Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўсё больш светлым у яго вачах. Жан Вальжан, між тым, рабіўся ўсё меншы і мала-па-малу знікаў. Надышоў момант, калі ён зрабіўся адным ценем. Раптам ён знік. Епіскап астаўся адзін. Ён напоўніў сабою душу гэтага няшчаснага дзівосным, прамяністым святлом.

Жан Вальжан рыдаў доўга. Ён плакаў гарачымі слязмі, усхліпваючы, як слабая жанчына, як бездапаможнае дзіця.

Па меры таго, ях ён плакаў, у мазгах у яго ўсё больш і больш святлела; там займаўся дзень, асляпляльны і жахлівы ў адзін і той-жа час. Яго мінулае жыццё, яго першы праступак, доўгія пакуты за яго, знадворнае агрубенне, унутраное зачарственне, яго вызваленне, якое суправаджалася з яго боку страшнымі планамі помсты, здарэнне з епіскапам, апошні яго ўчынак, крадзеж сарака су ў дзіцяці — злачынства тым больш нізкае і страшэннае, што ён зрабіў яго пасля поўнага даравання епіскапа, — і ўсё гэта ўспыхнула і ярка асвятлілася перад ім нябачным да гэтага часу святлом. Ён азірнуўся на сваё жыццё, і яно здалося яму жахлівым; на сваю душу — яна ўстала перад ім страшэннай. Між тым, над гэтым жыццём, над гэтай душой панаваў ласкавы дзень.

Колькі гадзін праплакаў ён такім чынам? Што ён зрабіў пасля? Куды пайшоў? Ніхто ніколі не даведаўся пра гэта. Пэўна вядома было толькі пра адно, што ў гэтую самую ноч фурман дыліжанса[1], які рабіў рэйсы паміж Грэноблем і Дынем, бачыў каля трох гадзін раніцы, праязджаючы каля епіскапскага дома, нейкага чалавека, які стаяў на каленях, нібы молячыся, на памосце перад дзвярыма дома епіскапа Б’енвеню.

ХІІІ

1817 ГОД

1817 год быў годам, які Людовік ХVІІІ з велічным апломбам, не пазбаўленым свайго роду гордасці, лічыў дваццаць другім з свайго царавання. Усе цырульні, спадзяючыся на зварот моды на пудру і на царственага арла, афарбавалі свае шыльды ў блакітны колер і ўпрыгожылі іх ліліямі.[2] То быў наіўны час, калі граф Лінч кожную нядзелю займаў

  1. Дыліжанс. — Да ўвядзення чыгунак у Францыі паштовыя і пасажырскія зносіны паміж гарадамі ажыццяўляліся пры дапамозе коннай цягі; вялізныя шматмясцовыя карэты перавозілі пошту і пасажыраў.
  2. Ліліі. — Умоўны малюнак кветкі ліліі ў выглядзе трохлісніка быў эмблемай, або гербам дынастыі Бурбонаў, нізвергнутай буржуазнай французскай рэволюцыяй у 1793 годзе і адноўленай умяшаннем замежнай зброі пасля падзення Напалеона І у 1815 годзе.